«Міратварэнне» пад ударам: як Зяленскі і Пуцін перакрэсліваюць надзеі Лукашэнкі сесці за стол перамоваў
Украінскі напрамак
Пачатак 2026 года. Ва Украіне заканчваецца чацвёрты год вайны, якая ўжо стала даўжэйшай за Вялікую Айчынную. Размовы аб міры, якія вядуць Украіна, Расія і Злучаныя Штаты, знаходзяцца ў фазе, калі размовы ёсць, а міру — няма. І ў гэты перамоўны трохкутнік хацелі б патрапіць прадстаўнікі многіх краін. Сярод іх і Аляксандр Лукашэнка.
Жаданне апошняга апынуцца ў стане перагаворшчыкаў, падобна, вырашыла б многія ягоныя пытанні: у адзін момант з сусветнага ізгоя ён мог бы ператварыцца ў «магутнага лідара», які вырашае пытанні вайны і міру. Таму, маўляў, ідзіце прэч вы там са сваімі пасаджанымі самалётамі, міграцыйнымі крызісамі — не бачыце, я пытанні сусветнага маштабу рашаю. А самае галоўнае — такім чынам яму б удалося змазаць сваю адказнасць за саўдзел у вайне: нібыта, глядзіце, я быў суагрэсарам (а ён гэта прызнаваў), але ж я і закончыў гэтую вайну.
Логіка Лукашэнкі магла быць такой або іншай. Але відавочна адно: за стол перамоваў ён хацеў трапіць усімі праўдамі і няпраўдамі. Пра гэта ён не аднойчы заяўляў яшчэ ў 2024 годзе, заклікаючы закончыць «драчку». Пазней нават стаў саромецца свайго празмернага жадання, што прыйшлося апраўдвацца: «Часта круцяць-круцяць гэтае пытанне, як быццам Лукашэнка звар’яцее, калі не будзе за сталом перамоваў. Справа не ў Лукашэнку, тут няма асабістых амбіцый… Ну, без мяне будуць там вырашацца пытанні. Ну дык там будзе Прэзідэнт Расіі, без яго дакладна не будзе перамоваў. Вы што думаеце, ён беларускую пазіцыю не падтрымае?»
І трэба сказаць, падзеі апошняга часу, пра якія мы расказвалі ў нашым папярэднім матэрыяле, пачалі даваць Лукашэнку надзею, што ягонае з’яўленне за сталом перамоваў сапраўды не здаецца прывідным. Варта прыгадаць, што ўжо пару месяцаў ён вядзе перамовы з Трампам і прымае ў Мінску спецпрадстаўніка. На еўрапейскім напрамку больш сціпла, але і там ёсць зрухі: адкрываюцца памежныя пераходы з польскага боку, ёсць пра што паразмаўляць з літоўцамі — фуры іхныя дасюль у Беларусі. З Украінай, падобна, таксама ёсць дыялог: ужо прэзідэнт Зяленскі не «гніда», а Валодзя, і нават выкіданне групы палітвязняў без пытанняў праходзіць праз украінскую мяжу — ёсць і там свой кантакт.
І нарэшце вішанка на торце — запрашэнне Лукашэнкі ў Раду міру, за сталом якой ён гатовы вырашаць не праблемы нейкай далёкай Газы, а пытанні вайны ва Украіне. Прапаганда «аблізвала» гэтае запрашэнне з усіх бакоў. Сапраўды, магло падацца, што, як у тым меме, «пацан шёл к успеху». І раптам…
А шо такое?
І раптам… 22 студзеня на сусветным эканамічным форуме ў Давосе Уладзімір Зяленскі робіць выпад супраць Лукашэнкі і кажа, што Беларусь з’яўляецца прыкладам таго, што бывае, калі Еўропа дзейнічае нерашуча: «Беларусь у 2020-м — прыклад. Ніхто не дапамог іх людзям, і зараз расійскія ракеты «Арэшнік» размешчаны ў Беларусі. З дасяжнасцю да большасці еўрапейскіх краін. Гэтага не было б, калі б беларусы перамаглі ў 2020-м».
А пасля пакацілася… 25 студзеня ў Вільні падчас выступу на гадавіне, прысвечанай ушанаванню памяці паўстанцаў 1863–1864 гадоў, Уладзімір Зяленскі адзначае, што «шпіц Лукашэнкі мае больш правоў, чым народ Беларусі» і што ў 2020 годзе ў беларусаў быў шанец, аднак падтрымка іх тады «была недастатковай». А пасля сустракаецца са Святланай Ціханоўскай. І запрашае яе ў Кіеў. І абяцае прызначыць спецпрадстаўніка па Беларусі, які б трымаў кантакты з дэмсіламі. І абмяркоўвае падчас сустрэчы магчымае прыцягненне Лукашэнкі да крымінальнай адказнасці за вываз украінскіх дзяцей. «Эх, Валодзя, — думае Лукашэнка, — ну ты і…»
Але Зяленскі не спыняецца і ўжо праз некаторы час звяртаецца наўпрост да беларусаў з заклікам не даць уцягнуць сябе ў вайну, бо такая верагоднасць вельмі высокая. Ён адзначае, што наша краіна і так аказвала самую розную падтрымку Расіі, а зараз так і наогул, маючы расійскі «Арэшнік», нясе вялікую пагрозу Украіне. Ён намякае, што месцы дыслакацыі гэтых ракет могуць стаць законнымі цэлямі для Украіны, і нагадвае, што па аналагічным размяшчэнні ракет на расійскім палігоне Капусцін Яр, «дзе рускія трымаюць адпаведную зброю», ужо праводзіўся адпаведны ўдар. «Таму, — кажа Зяленскі, — такі наш сігнал Беларусі: вас могуць уцягнуць у гэтую вайну, і рускія гэтага хочуць».
І тут мары Лукашэнкі пра месца за сталом перамоваў растаюць прама на вачах… Не дзіва, што пакуль ад яго не было рэакцыі ні на шпіца, ні на сустрэчу з Ціханоўскай, ні на «Арэшнік», ні на крымінальныя справы… Лукашэнка стаіўся і, як заўсёды, узмоцнена заняўся ўнутранымі гаспадарчымі пытаннямі — гэтым разам асвятленнем (ці правільней будзе сказаць ацямненнем) беларускіх гарадоў. Але адказ, канечне, будзе — і як заўсёды, на зэдліку ў кароўніку ці на селектарнай нарадзе — каб паказаць, што яго гэтыя пытанні мала хвалююць, у яго вунь — каровы, пасяўная…
Круты разварот
Такі разварот украінскай афіцыйнай палітыкі многія тлумачаць рознымі прычынамі. Адны кажуць, што гэта своеасаблівы адказ на размяшчэнне «Арэшніка» ў Беларусі, пра які згадваў Уладзімір Зяленскі. Другія — што ва Украіне перасталі баяцца «паўночнага дзеда» і зразумелі, што ад яго сапраўды мала што зараз залежыць: злуй яго ці не злуй, ад гэтага расійскія атакі не спыняюцца. А таму Зяленскі яшчэ і накруціў эмацыйна, заявіўшы, што з Беларусі ідзе пагроза — каб абазначыць чырвоныя лініі.
Але на нашу думку, яшчэ адной прычынай можа быць тое, што Уладзімір Зяленскі сапраўды пабачыў: шанцы Лукашэнкі размясціцца за перамоўным сталом побач з Пуціным становяцца ўсё вышэйшымі. А навошта Зяленскаму падчас вырашэння важнага пытання аб міры ў сваёй краіне мець справу не з адным, а з двума дыктатарамі, якія будуць дудзець у адну дудку? Таму не пусціць Лукашэнку на перамовы — гэта вырашэнне невялікай тактычнай задачы. А калі б яшчэ атрымалася падвесці яго пад суд за злачынствы, учыненыя супраць Украіны і ўкраінскіх дзяцей, то гэта было б вырашэннем яшчэ адной задачы — прадэманстраваць Пуціну верагоднасць такога сцэнара.
У сувязі з гэтым Зяленскі вельмі хоча закрыць магчымыя шчыліны «міратварэння» з боку беларускага рэжыму і заяўляе, што гатовы сустракацца «на любых тэрыторыях Амерыкі, Еўропы, нейтральнай краіны — любых дзяржаваў, акрамя РФ і Беларусі. Беларусь — таму што яна з’яўляецца саюзнікам у наступе на Украіну ў 2022 годзе». Ці атрымаецца ва ўкраінскага прэзідэнта дасягнуць гэтага, пакуль невядома, бо ў Пуціна на Лукашэнку могуць быць іншыя планы. Так што апынуўся Аляксандр Рыгоравіч паміж двух Валодзяў — у самы раз загадваць жаданне, і мы нават ведаем якое…
Але прыйшла бяда, адкуль не чакаў: крамлёўскаму Валодзю, відаць, міратворчыя памкненні беларускага кіраўніка таксама не надта прыйшліся даспадобы, таму і сарвалася паездка ў ЗША на пасяджэнне Рады міру па запрашэнні самога Трампа. Пасля тэлефоннай размовы з Уладзімірам Пуціным Аляксандр Рыгоравіч рэзка адмовіўся ад гэтай ідэі, патлумачыўшы праз сваю прэс-сакратарку гэта тым, што і запрашэнне атрымалі позна, і графік ужо спланаваны, і пытанні ёсць такія, якія немагчыма адкласці. То-бок фактычна сам перакрэсліў сваё запаветнае жаданне пасядзець за адным «міратворчым» сталом побач з іншымі лідарамі свету.
Ну а пытанні, якія немагчыма адкласці, намаляваліся вельмі хутка: цяпер Лукашэнку тэрмінова трэба вывучыць папярэджанне ад расійскай Службы знешняй разведкі пра падрыхтоўку «каляровай рэвалюцыі» ў Беларусі падчас выбараў 2030 года. У гэтым папярэджанні сярод краін, што рыхтуюць рэвалюцыю, на першым месцы стаяць Злучаныя Штаты Амерыкі. Тым самым Крэмль нібыта задае свайму саюзніку простае пытанне: «Ну і як вы, Аляксандр Рыгоравіч, пасля гэтага туды паедзеце?»









