Без перадышкі пасля 2025-га: што чакае Беларусь у 2026 годзе
Судакрананне 2025 і 2026 гадоў атрымалася настолькі бясшоўным, што навагоднія святы нават не далі перадышкі ад напружання, якое ўсталявалася ў свеце напрыканцы 2025-га. Нібыта і не было ніякага пераходу. Таму мы палічылі, што варта зафіксаваць момант, у якім мы сёння знаходзімся, каб пазней можна было ацаніць, які шлях удалося прайсці.
Палымянае прывітанне з Лацінскай Амерыкі
Пачаўся год бадзёра: не паспелі ўсе даесці навагоднія салаты, як прыйшлося даставаць папкорн і сачыць за «выкраданнем дыктатара». Экшэн атрымаўся настолькі захапляльным, што іншыя дыктатары пахаваліся ў свае норы і, як піць даць, таксама ўважліва сачылі за тым, што адбываецца ў Венесуэле, міжволі прымерваючы ўсё на сябе.
Адной з найбольш вясёлых забаў беларускіх незалежных СМІ стала разважанне над пытаннем, ці магчыма падобнае выкраданне ў Беларусі. І пакуль аналітыкі займаліся фантазіямі, нам здаецца, беларускі дыктатар сур’ёзна разважаў над іншым. Памятаеце, што ён сказаў, ачуняўшы на пяты дзень пасля выкрадання Мадура? «Там была змова і здрада», — і гэта тое, чаго ён найбольш баіцца і пра што найчасцей заклікае «прэзідэнцкіх людзей»: «Не здраджвайце!» Здрада для яго — найгоршае, што можна сабе ўявіць. За здраду (не дзяржаве, а яму персанальна) ён помсціць найбольш жорстка.
Паколькі беларуская дзяржаўная сістэма максімальна закрытая, даведацца, што адбываецца ўнутры, вельмі цяжка. Але дазволім сабе выказаць думку, што зараз там поўным ходам ідзе вылічэнне тых самых патэнцыйных здраднікаў. І зусім не выключана, што праз некаторы час мы нават зможам пачуць пэўныя адгалоскі гэтага. Нездарма КДБ зараз у фаворы: традыцыі выкрыцця здраднікаў у гэтай структуры моцныя яшчэ з 30-х гадоў мінулага стагоддзя.
Фуры-муры на мяжы, або Еўрапейскі трэк
Здавалася, што на гэтым трэку пакуль зацішша. Але падобна, нас чакае яго ажыўленне. У стасунках з суседнімі еўрапейскімі краінамі беларускі рэжым пайшоў па даволі звыклай для сябе парадыгме, пачаўшы выкручваць на максімум увесь магчымы трэш, на які здольны, а пасля патрабуючы «плюшкі» ў абмен на тое, каб перастаць гэта рабіць. Патокі мігрантаў, атакі метэзондаў з кантрабандай — увосень 2025-га гэта ўсё дасягнула апагею. Еўрапейскія палітыкі вырашылі дзейнічаць больш жорстка, але не пралічылі ўсіх магчымых наступстваў.
Фокус з закрыццём мяжы з польскага боку выклікаў пэўную істэрыю і паніку ў беларускіх уладаў — канфліктная сітуацыя нават вырашалася з удзелам прадстаўнікоў КНР, якія не былі зацікаўленыя ў спыненні патоку тавараў праз беларуска-польскую мяжу. А вось у літоўцаў з гэтым нешта пайшло не так. У выніку, калі па прыкладзе палякаў яны зачынылі мяжу, Лукашэнка узяў дый набраў чарговых закладнікаў — на гэты раз еўрапейскіх кіроўцаў разам з фурамі, — і гэтая сітуацыя імгненна ператварылася для яго ў зручны інструмент ціску.
Чаму гэты момант не змаглі пралічыць літоўскія палітыкі — сказаць цяжка. Але складваецца ўражанне, што яны дагэтуль не да канца ўсведамляюць, з кім маюць справу. Нібыта і не было прымусовай пасадкі самалёта — акта, які быў расцэнены як пірацтва. Нібыта і не існуе сістэмнага гандлю палітвязнямі, якіх рэжым выкарыстоўвае як разменную манету. Але калі магчыма ўсё гэта, то што можа стрымаць Лукашэнку ад звычайнага рэкету — блакавання грузавікоў і шантажу суседняй дзяржавы?
У выніку бачым, што прынцыповая пазіцыя літоўцаў аб тым, каб не весці перамовы з дыктатарам, становіцца ўсё больш гнуткай — няхай сабе і з прагматычных інтарэсаў. І вось яны ўжо кажуць, што гатовы размаўляць пра беларускі калій.
Вызваленне палітвязняў
Тут, як той казаў, працэс пайшоў — і дзякуй за гэта ўсім датычным. І амерыканскі, і беларускі бакі адзначаюць, што ён будзе ісці далей. Прынамсі спецпрадстаўнік Трампа па Беларусі Джон Коўл кажа, што працуе над гэтым.
Сапраўды, цяперашняя амерыканская адміністрацыя здолела дасягнуць на гэтым трэку найбольш відавочнага прагрэсу, чаго дагэтуль не ўдавалася ані еўрапейскім палітыкам, ані папярэдняй амерыканскай адміністрацыі. За год на волю выйшлі агулам 342 палітвязні, сярод якіх шмат вядомых палітыкаў і грамадскіх дзеячаў. Але тут ёсць істотны нюанс: па-першае, за гэты ж год прызнаныя палітвязнямі 500 чалавек, а гэта ў паўтара раза больш, чым выйшла на волю. А па-другое, большасць з тых, што выходзяць, далей цярпяць ад парушэння іх правоў: яны дэпартуюцца, прычым часта без дакументаў, за межы Беларусі.
Ці ведаюць пра гэта ў адміністрацыі Трампа? Вядома ж. Ці збіраюцца яны ў гэтым нешта змяніць? Тут адказу няма. Мы насамрэч не ведаем пазіцыі амерыканскай адміністрацыі адносна спынення рэпрэсій. Трамп выказаў пажаданне пра вызваленне спачатку 1300 закладнікаў, пасля — пра 1400–1500 вязняў. Але ён ні разу не сказаў: «Спыніце гэта, глыбокапаважаны прэзідэнт, вызваліце ўсіх і спыніце». Не. А па сваёй волі Лукашэнка гэтага рабіць не будзе. Навошта? Гандаль жа ідзе так добра — і перад вачыма маячыць Big deal.
Безумоўна, у гэтай сітуацыі вялікім плюсам застаецца тое, што людзі ўсё ж выходзяць на волю — на гэта і варта «траціць» амерыканскія санкцыі. А ў плане дэмакратызацыі Беларусі спадзявацца на санкцыі еўрапейскія. Здаецца, ужо па гэтым пытанні нават намацваецца кампраміс сярод беларускіх дэмсіл.
Але амерыканскія санкцыі здымаюцца, а людзі ў турмах не заканчваюцца, і тут варта зафіксаваць яшчэ раз: калі пасля выхаду 123 чалавек 13 снежня ў зняволенні заставалася каля 1100 палітвязняў, то станам на 20 студзеня 2026-га іх ужо 1158. Праходзіць крыху больш за месяц — і на паўсотні палітвязняў становіцца больш. Падставы для Big deal растуць на вачах: ёсць, чым гандляваць.
Больш за тое, здаецца, мы ўжо становімся сведкамі рэалізацыі гэтай вялікай угоды: стала вядома, што Дональд Трамп запрасіў Лукашэнку далучыцца да «Рады міру», якая зможа разглядаць пытанне мірнага ўрэгулявання ва Украіне і ўжо сёння многімі аналітыкамі ўважаецца за альтэрнатыву ААН.

Ці пагадзіўся Лукашэнка? Ну вядома ж, бо прабіць сабе месца за сталом перамоваў па Украіне ён і ягоныя лабісты марна спрабуюць цягам апошняга года. І вось, здаецца, здзейснілася. Стрымаць радасць атрымліваецца цяжка: «Можа быць, мы па Украіне штосьці дапаможам, абмяркуем неяк, — кажа Лукашэнка, — і прасунем мір, зможам наблізіць, паўплываць на ўкраінскае кіраўніцтва. Вось гэта мяне больш за ўсё прываблівае». Яшчэ б, Аляксандр Рыгоравіч, вас гэта не прываблівала — так жа, як у 2022 годзе вы спадзяваліся на «Кіеў за тры дні», каб пасля пагрэць рукі на раздзеле сфер уплыву ў пастаўленай на калені Украіне са сваім «старэйшым братам».
Ці ёсць надзея спыніць вайну?
І нарэшце — вайна. На жаль, гэта ключавая падзея, якая ўплывае на ўсіх нас без выключэння, нават калі мы думаем, што гэта не так. І ад таго, у якую фазу яна пяройдзе, залежыць, як будзе развівацца цэлы рэгіён, уключаючы нашу краіну.
Ацэнкі экспертаў гучаць розныя: адны вераць у хуткае прыпыненне баявых дзеянняў і ў далейшае вырашэнне пытанняў праз дыпламатыю, другія кажуць, што канца вайне пакуль не відаць, бо Пуцін не збіраецца нічога заканчваць.
Але судзіце самі. Нягледзячы на ўпарты супраціў ЗСУ, расійскія войскі вельмі павольна, з вялікімі стратамі, але працягваюць наступ на тэрыторыю Украіны. Нядаўна былі агучаныя планы Расіі ў вайне на 2026 год: пашырэнне буфернай зоны на Сумшчыне і Харкаўшчыне, захоп лагістычных вузлоў у Запарожжы, удары па Славянску і Краматорску ў Данецкай вобласці. Улічваючы цяперашнюю хуткасць прасоўвання расійскіх войск, для дасягнення гэтых мэт спатрэбіцца яшчэ каля 1200 дзён, то бок поўная акупацыя гэтых рэгіёнаў магчымая толькі ў красавіку 2029 года. Наўрад ці расійскае камандаванне не ацэньвае гэтых часавых вымаганняў, але тым не менш працягвае ставіць такія мэты.
Больш за тое, вуснамі былога ўкраінскага дэпутата і па сумяшчальніцтве кума Пуціна Віктара Медзведчука Крэмль гаворыць, што будзе дамагацца ўсіх мэтаў так званай спецыяльнай ваеннай аперацыі без перамоваў. А Медзвядчук часта ў адкрытую агучвае тое, што не хоча або не здольны ўголас прамовіць Пуцін. Вось і атрымліваецца: як толькі Зяленскі і Трамп заяўляюць пра амаль гатовую дамоўленасць па перамоўнай пазіцыі і вялікія шанцы спынення вайны, дзесьці на Валдаі хутка ўзнікаюць «атакі ўкраінскіх дронаў на рэзідэнцыю Пуціна». А былі тыя атакі ці не — ужо не істотна, бо перамовы сарваныя і кіраўнік Крамля можа далей расказваць Трампу пра гатоўнасць весці перамовы аб міры без усялякіх папярэдніх умоў, закідваючы пры гэтым целамі сваіх салдат Данецкую вобласць. Таму, можа, і варта прыслухацца да словаў пуцінскага кума: «Міру ва Украіне ў 2026 годзе не будзе», — ён хіба ведае, што кажа.
Надзея тут хіба на два чыннікі. Па-першае, што эксперты не памыляюцца і расійская эканоміка сапраўды з цяжкасцю спраўляецца з функцыянаваннем у рэжыме вайны. А па-другое, што жаданне Трампа атрымаць Нобелеўскую прэмію міру будзе мацнейшым за жаданне слухаць пуцінскія байкі пра печанегаў і ён нарэшце зразумее, што вайну можа спыніць толькі прымус Расіі да міру.









