Гарачы верасень 2025: ад вучэнняў да вызваленняў
Верасень выдаўся па-сапраўднаму гарачым: падзеі, якія ў ім адбыліся, пакінулі даволі цікавы след пасля сябе, і ўсё паказвае на тое, што адчуваць яго мы будзем яшчэ даволі доўга. Калі не сказаць больш: падобна, яны вызначылі для ўсіх нас новую рэчаіснасць, у якой пэўны час нам давядзецца жыць.
Чаму навучылі вучэнні
Вучэнні «Захад-2025», безумоўна, сталі адной з галоўных падзей гэтага гарачага верасня. Пра іх шмат гаварылі, іх чакалі, іх баяліся. І для гэтага былі свае падставы: папярэднія такія вучэнні ў 2021 годзе сталі маскіроўкай для будучага ўварвання ва Украіну — з тэрыторыі Беларусі ў тым ліку.
Але сёлета ў пэўны момант стала зразумела: у Расіі няма рэсурсу выкарыстоўваць вучэнні для новых атак на Украіну і пагатоў на Захад. Тут і Лукашэнка падаспеў з рыторыкай пра «мірных людзей» ды зрабіў выгляд, што гэта ён асабіста загадаў адвесці гэтыя вучэнні ўглыб краіны. Самы раз быў бы наогул адмяніць дарагія манеўры? Ды дзе там! Задача гэтых вучэнняў, як пасля аказалася, была ў іншым. Яны сталі своеасаблівай праверкай балявых кропак, парогу магчымага — тых самых чырвоных ліній.
Пачалі з простага практыкавання: маўляў, што, шаноўныя заходнія партнёры, трохі расслабіліся ад таго, што мы адвялі вучэнні ад заходніх межаў? Ну дык вось, там, углыбіні сваёй тэрыторыі, мы будзем адпрацоўваць планаванне выкарыстання нестратэгічнай ядзернай зброі і разгортванне комплексу «Арэшнік». Як вам такое?
А пасля панеслася: раптам аказалася, што прылёт у Польшчу, якая з'яўляецца краінай НАТО, двух дзясяткаў беспілотнікаў, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі, — гэта не сон, а самая сапраўдная рэальнасць.
Апынулася, што закрыццё чатырох аэрапортаў у Польшчы, адмена рэйсаў з-за пагрозы дронаў — гэта таксама новая рэчаіснасць для краін НАТО.
І неабходнасць уздымаць у неба самалёты, каб збіваць беспілотнікі над краінай НАТО, — таксама не кадры з вострасюжэтнага фільма. Польшчы, дарэчы, такое прыйшлося рабіць упершыню. Інцыдэнт гэты стаў шмат у чым паказальным, бо частка тых дронаў, як пасля выявілася, была расійскімі пустышкамі «Герберамі», якія выкарыстоўваюцца ва Украіне для выхалашчвання сродкаў супрацьпаветранай абароны. Так здарылася і ў гэтым выпадку: каб збіваць «капеечныя», па ваенных мерках, «Герберы», польскае камандаванне выкарыстоўвала дарагія ракеты, пушчаныя з самалёта F-35. Больш за тое, адна з гэтых ракет трапіла ў жылы дом, разбурыўшы яго, — таксама паказчык эфектыўнасці.
А пасля аказваецца, што моманту залёту беспілотнікаў у нізкім старце чакала цэлая армія інтэрнэт-троляў і ботаў, якая тут жа пачала акучваць польскую аўдыторыю, падштурхоўваючы яе да «патрэбных» вывадаў: «а чаму ўкраінцы дапусцілі залёт дронаў на нашу тэрыторыю, дазволіўшы ім праляцець тысячу кіламетраў?», «а як так сталася, што гэтыя дроны заляцелі на нашу тэрыторыю, — мы ж пад аховай НАТО?», «а на якую такую абарону мы трацім 5 % ВУП?», «а што сабе думае ўрад?»…
Пытанняў і сумненняў было так шмат, што, падаецца, ці не гэта і з'яўлялася галоўнай «мэтай» тых дронаў?
А 13 верасня расійскі беспілотнік лётаў ужо над Румыніяй. Збіваць яго не сталі — не ўяўляў пагрозы для бяспекі насельніцтва. Вырашылі ўдарыць у адказ заявай пра «асуджэнне безадказных дзеянняў Расіі, якія пагражаюць стабільнасці ў рэгіёне».
І заява гэтая была настолькі магутнай, што Расія вырашыла больш не выкарыстоўваць дроны. Выкарыстала самалёты: 19 верасня тры расійскія знішчальнікі МіГ-31 увайшлі ў паветраную прастору Эстоніі, прабыўшы там 12 хвілін. Эстонія з гэтай нагоды вырашыла актываваць 4-ы артыкул Паўночнаатлантычнай дамовы, які прадугледжвае кансультацыі паміж саюзнікамі, і склікала на 22 верасня Раду Бяспекі ААН.
Пакуль прадстаўнікі розных краін выпраўляліся ў Нью-Ёрк на паседжанне Рады Бяспекі, аказалася — не іначай як супадзенне — што на аэрапорты Лондана, Дубліна, Берліна і іншых еўрапейскіх гарадоў была зладжана кібератака, у выніку якой былі затрыманыя сотні рэйсаў.
А пасля была сама Рада Бяспекі, на якой з самых высокіх трыбун прагучала шмат «мы не дадзім» і «мы не дапусцім». Толькі прадстаўнік Расіі на ўсе гэтыя заявы адказаў нешта накшталт «а вы дакажыце, што гэта былі мы». І, давёўшы сітуацыю да абсурду, бо адмаўляў відавочныя факты правакацый, сказаў даслоўна наступнае: «Мы не будзем удзельнічаць у гэтым тэатры абсурду!»
Але і тут ён, падобна, схлусіў. Бо Расія не адмовіць сабе ў задавальненні паўдзельнічаць у гэтай тэатральнай пастаноўцы, бо для гэтага ёй далі добрую нагоду. Прагучала яна з вуснаў польскіх палітыкаў. Так, польскі прэм'ер Дональд Туск заявіў, што польскі ўрад гатовы на любое рашэнне, якое будзе накіраванае на знішчэнне аб'ектаў, што ўяўляюць пагрозу. А кіраўнік польскага МЗС Радослаў Сікорскі дык наогул папярэдзіў расійскі ўрад: «Калі яшчэ адна ракета ці самалёт без дазволу... ўвойдзе ў нашую паветраную прастору і будзе збітая, а абломкі ўпадуць на тэрыторыю НАТО - калі ласка, не прыходзьце сюды скардзіцца. Вас папярэдзілі».
І нешта падказвае, што Расія ў сваёй блатной манеры вымусіць польскіх хлопцаў «адказваць за базар» і абавязкова паспрабуе праверыць, наколькі яны гатовыя трымаць сваё слова. Таму працяг спектакля будзе неўзабаве… Наўрад ці гэта будзе нейкае разгортванне канфлікту, але дробная правакацыя для праверкі сур'ёзнасці намераў польскіх палітыкаў цалкам можа быць.
І падобна, гэта ўжо добра адчувае польскае грамадства, бо пачало вывучаць карты бамбасховішчаў у сваіх гарадах і запасацца стратэгічнымі запасамі, што, з нашага ўласнага досведу, вельмі моцна нагадвае сітуацыю ва Украіне ў канцы 2021 — пачатку 2022 гадоў. Такая вось новая рэчаіснасць, такая вось навука ад вучэнняў.
Выхад палітвязняў
Для нас, беларусаў і беларусак, верасень таксама быў багаты на свае радасці ды перажыванні і таксама стаў пэўнай праверкай тых самых ліній.
11 верасня на волю выйшлі 52 вязні (па факце ж 51), сярод якіх вялікая колькасць тых, хто быў асуджаны за палітыку. І ў гэтым якраз ніякіх сюрпрызаў не было: усе разумелі, што рана ці позна Лукашэнка пачне выпускаць палітычных, толькі будзе рабіць гэта, прызначаючы сваю цану. Пра тое мы разважалі ў матэрыяле «Гандаль без сораму: палітвязні як частка прайс-ліста Лукашэнкі».
Паказальным стала іншае, як модна было казаць — прабіванне чарговага дна (хаця, вядома, ніякага дна ўжо даўно не існуе).
Аказваецца, у светапарадку Лукашэнкі цалкам магчыма выкідаць грамадзян Беларусі за межы краіны — без згоды, без дакументаў (больш як дзясятку палітвязняў не аддалі на мяжы пашпарты), без выбару: заставацца ці ад'язджаць. Не, канечне, прэцэдэнты ўжо былі і раней — узяць хаця б папярэднюю хвалю вызваленняў-«выдварэнняў», калі па дамоўленасці з ЗША на літоўскую мяжу вывезлі 14 палітвязняў, сярод якіх быў і Сяргей Ціханоўскі.
Але 11 верасня гэтая з'ява набыла масавы характар. І падобна, калі б не было ўзнятае пытанне так катэгарычна: ці не з'яўляецца гэта парушэннем дамоўленасцяў паміж Мінскам і Вашынгтонам? — то гэтая схема абмену людзей на «плюшкі» і выкідання іх з краіны стала б для рэжыму цалкам рабочай.
Але ж вось не — 16 верасня, да Дня народнага адзінства, улады зноў заявілі пра выхад яшчэ партыі з 25 чалавек, ківаючы, што сярод іх таксама былі палітвязні (асуджаныя «за злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці»). Толькі гэтым разам выдварэння не было. Як не было ўвогуле ніякай інфармацыі пра тое, што гэта былі за людзі і куды яны падзеліся. Гэта быццам бы намякае: галоўнай умовай магчымасці застацца ў Беларусі для іх было маўчанне. І гэта таксама наша новая рэчаіснасць: або прэч з краіны, або замаўчыце назаўсёды.
Вялікая заслуга ў ламанні гэтай зручнай для Лукашэнкі схемы па выкіданні за межы краіны «няправільных», «нязручных», варожых яму беларусаў належыць Міколу Статкевічу. Гэта ён праз свой учынак, праз адмову пакідаць Беларусь, паставіў пытанне рубам: вы не можаце нас дэпартаваць насуперак нашай волі. Гэта ён паказаў, што ўсё ж і адзін у полі воін. Ці не завысокай была цана? Верагодна, так, бо ўсё кажа пра тое, што Статкевіч адправіўся назад у турму (такое вось «памілаванне» у Лукашэнкі), але гэта стала для нас яшчэ адным сведчаннем: у гандлі людзьмі, які вядзе Лукшэнка з Захадам, хтосьці можа перабіваць ягоную цану і значна падвышаць стаўкі.
І нарэшце,пасля выхаду людзей на волю нас чакалі новыя адкрыцці, бо многія вязні загаварылі. І мы зноў жахнуліся ад таго, што адбываецца ў беларускіх турмах. І гэта нягледзячы на тое, што пасля 2020-га, здавалася, нас ужо нічым немагчыма здзівіць.

Адкрыццё, падобнае на закрыццё
Безумоўна, абмінуць увагай яшчэ адно адкрыццё гэтага верасня — ці дакладней назваць яго закрыццём? — будзе зусім няправільна. Раптам мы даведаліся, што польска-беларуская мяжа мае ўласцівасць перакрывацца. Зусім. І не выключана, што патэнцыйна такую ж уласцівасць маюць межы беларуска-літоўская і беларуска-латвійская.
Гэта дало магчымасць некаторым з нас упершыню адчуць, як выглядае тая самая жалезная заслона. А некаторым — прыгадаць забытыя адчуванні, як тое было ў СССР. Добра, што пратрывала закрыццё нядоўга, усяго два тыдні. Але і таго хапіла, каб зразумець: гэта таксама можа стаць нашай новай рэальнасцю.














