Гандаль без сораму: палітвязні як частка прайс-ліста Лукашэнкі
Праўладныя прапагандысты перасталі саромецца і ўжо адкрыта выстаўляюць цэннік за лёсы людзей, якія ўтрымліваюцца ў лукашэнкаўскіх турмах.
«Дайце плюшак», — кажа Юрый Васкрасенскі ў інтэрв'ю з праваабаронцам Леанідам Судаленкам: адкрывайце неба, здымайце санкцыі з калію — і тады зможаце пабачыць вашых нобелеўскіх і «шнобелеўскіх» лаўрэатаў.
Гэтая падкрэслена зняважлівая манера вядзення камунікацыі кажа пра многае. Невядома, ці быў упаўнаважаны Васкрасенскі на размову з Судаленкам Камітэтам дзяржбяспекі ці якім іншым огранам і ці былі ў яго паўнамоцтвы на тое, каб агучваць падобныя тэзы.

Але ягоныя словы выразна сведчаць пра тое, што менавіта такі наратыў пануе ўнутры беларускай дыктатарскай сістэмы. Не выключана, што гэта словы самога Лукашэнкі. І таму Васкрасенскі так зухавата жангліруе такімі зваротамі: «плюшкі», «перадаплата», «сальдоўка». Каб ні ў кога не заставалася сумненняў: так, сябры, гэта гандаль.
Элітны тавар
У гэтым няма нічога асабліва новага. Падобнае адбываецца ўжо цягам 30 гадоў: Лукашэнка добра засвоіў гэтую схему, зразумеўшы, што «ўрэменшчыкі», якія ўвесь час змяняюцца ў палітычных элітах Захаду, у пэўны момант здаюцца і пачынаюць уцягвацца ў працэс гандлю.
Так адбываецца і гэтым разам, проста спатрэбілася крыху больш часу. Але ў яго — Лукашэнкі — час ёсць: наступная «электаральная» кампанія яшчэ далёка, і даказваць выбарцам унутры сваёй краіны яму нічога не трэба, а за тымі, каму яшчэ нешта трэба даказваць, ужо выехалі. А вось у заходніх палітыкаў гэтага часу няма, ім хутка пераабірацца і адказваць на нязручныя пытанні сваіх выбарцаў.
Што ж, гандляр расклаў свае цэннікі: адкрываеце неба — атрымліваеце Бяляцкага, адкрываеце памежныя пераходы — атрымліваеце Пачобута. Цікава, што ён папросіць за Бабарыку, Калеснікаву, Севярынца, Статкевіча?
Адзінае, што хіба назіраецца ўпершыню — гэта празмерны цынізм, з якім вядзецца размова пра гэты гандаль. І ўжо сапраўды «навінка» на лукашэнкаўскім рынку нявольнікаў — гэта своеасаблівы фон: смерці палітзняволеных за кратамі (ужо як мінімум восем выпадкаў) узмацняюць эфект і сур'ёзнасць намераў Лукашэнкі.

Такім чынам ён ставіць дылему перад «пакупнікамі»: калі вам гэтыя «вязні» (гэтае слова ён заўсёды наўмысна вымаўляе па-беларуску з брыдотнай інтанацыяй) не патрэбныя, яны згніюць у турме. Усё, няма неабходнасці гуляць у гуманізм, з пэўнага моманту ён таксама перастаў саромецца.
Перамовы VS ціск
Але што, напэўна, дае Лукашэнку найбольшую асалоду, дык гэта назіранне за ходам дыскусіі сярод ягоных апанентаў.
Пакуль два розныя лагеры ў дэмакратычных сілах зацята спрачаюцца наконт пытання аб тым, ці трэба пачаць з Лукашэнкам дыялог, каб не перапыняць трэк на выхад людзей на волю, які абазначыўся апошнім часам, — рэжым дае, здаецца, абсалютна дакладны адказ:
У самы разгар спрэчак ён прызнае Аб'яднаны пераходны кабінет разам са структурнымі падраздзяленнямі, якія ў яго ўваходзяць, «тэрарыстычнай арганізацыяй». Такім чынам, ён выпальвае ўсе магчымыя падыходы: «Дыялог? З кім? З “тэрарыстамі”? Вы пра што? Мы з “тэрарыстамі” не размаўляем».
Ці, можа быць, гэта выглядае як спроба «закляйміць» толькі адзін «лагер», які выступае за ціск, каб даць зялёнае святло другому лагеру, які выступае за пачатак перамоваў?
Але тут варта нагадаць, што ў найбольш прадстаўнічую групу гэтага «другога лагера» ўваходзяць такія асобы, як Валер Кавалеўскі, Вольга Гарбунова і Таццяна Хоміч. Першыя двое — акурат былыя прадстаўнікі Аб'яднанага кабінета. Ведаючы логіку лукашэнкаўскай рэпрэсіўнай машыны, можна сказаць, што паняцця «былых» для яе не існуе, пагатоў сярод «тэрарыстаў».
Так што такім крокам улады, падобна, далі ўмоўны адказ усім:
з вамі ніякіх перамоваў не будзе.
Тады пра што спрэчка? Тым болей, бачна, што ў ёй дасюль так і не дадзена адказаў на важныя пытанні: першы лагер, які выступае за ціск, не адказвае на пытанне, якім чынам даставаць з турмаў тых, хто зараз сядзіць у лукашэнкаўскіх засценках. Бо рэжым праз таго ж Васкрасенскага дае выразны сігнал: давайце «плюшкі», толькі тады пабачыце наступныя выхады людзей на волю.
Гэтак жа няма адказу ў лагера нумар два на пытанне: калі раздаць усе «плюшкі» за выхад тых людзей, якія сядзяць зараз, то чым «плаціць» за тых, каго рэжым набярэ пасля? А ён набярэ — у гэтым, падобна, сыходзяцца абодва лагеры. Гэта пацвярджаюць і факты: з пачатку года, паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», 105 чалавек выйшлі з-за кратаў па памілаванні і 167 палітвязняў апынуліся на іх месцы. Ці ёсць столькі «плюшак» у беларускіх дэмсіл, ЕС, ЗША, разам узятых?
І падобна, адным з найгалаўнейшых застаецца пытанне аб тым, як зрабіць так, каб падчас гэтага шалёнага і беспардоннага гандлю не згубіліся лёсы яшчэ як найменей пяці тысячаў закладнікаў, якія сядзяць у беларускіх турмах за палітыку, але па розных прычынах не былі прызнаныя палітвязнямі. Якія «плюшкі» прапанаваць Лукашэнку за іх? Ці яны так і застануцца ў «загашніку» ў дыктатара як тавар, на які не знайшлося «дробных манет» у купцоў?
Прабачце, калі ласка, за працяг гэтай жудаснай алегорыі. Але, як той казаў, такая праўда.