Сакрэты поспеху ад стваральніка Кіраўніцтва справамі прэзідэнта
Гэтым разам мы хацелі б расказаць вам цікавую гісторыю. Гісторыю пра тое, як адзін чалавек ператварыў арганізацыю, што павінна была займацца закупам канцылярскіх тавараў, у найбольш магутную карпарацыю ў Беларусі з абаротам, большым за мільярд долараў, і мноствам палацаў у камплекце.
Імя гэтаму чалавеку — Аляксандр Лукашэнка. А назва гэтай арганізацыі — Кіраўніцтва справамі прэзідэнта.
На тую гісторыю мы знялі цэлае відэа, якое вельмі раім вам паглядзець — дакладна спадабаецца! І абяцаем: падчас прагляду вас не пакіне ў спакоі пытанне «а што, так можна было?».
Адказваем: вам — нельга! У прынцыпе, нельга было і Аляксандру Рыгоравічу. Але ж, як вядома, калі вельмі хочацца, то можна. Дый хто ж яму забароніць?
Класныя штучкі
Прыйшоўшы да ўлады ў 1994-м, Лукашэнка зразумеў, што, аказваецца, ніякіх «класных штучак» у яго і няма. А яму іх так хацелася. Каб выправіць гэтую непрыемнасць, ён стварыў Кіраўніцтва справамі прэзідэнта (КСП), якое з часам ператварылася ў адну з найбольш магутных і ўплывовых арганізацый у краіне — з больш як 70 прадпрыемствамі-«матрошкамі», унутры якіх — яшчэ арганізацыі. Для абслугоўвання ўсяго гэтага дабра патрэбныя яшчэ 30 тысяч супрацоўнікаў, а таксама трэба падпарадкаваць сабе фактычна ўсё: ад баброў, кароў ды аленяў да гатэляў, заводаў і залатых прыіскаў.
Ну і зразумела, што КСП не патрабуе ніякага кантролю, празрыстасці ці залішняй справаздачнасці. Дый навошта гэтыя ўмоўнасці, калі ёсць адзіны сонцападобны і шматаблічны — ён жа і швец, і жнец, і спажывец, і сам сабе пракурор ды кантралёр — каму тут справаздачыцца?
«Крэпкі хазяйственнік»
Ад прыхільнікаў Лукашэнкі часам можна пачуць: вось Рыгорыч — «чэсны», у яго нічога няма. Але і праўда, навошта яму нешта, калі пра яго клапоцяцца. План быў просты: спачатку ты клапоцішся пра тое, каб стварыць для гэтага асобны орган, а пасля гэты орган ужо клапоціцца пра цябе. А каб клапаціцца пра цябе было крыху прасцей, гэтаму органу ты бесклапотна перадаеш трошкі нерухомасці. І атрымліваецца цэлая гаспадарка ў асабліва буйных памерах, або Галоўнае гаспадарчае ўпраўленне (ГГУ) — адна з падпарадкаваных Кіраўніцтву справамі прэзідэнта структур.
За трыццаць гадоў гэтай клапатлівай структуры перадалі нерухомасці больш як на мільярд долараў. Паводле звестак на сайце самога Галоўнага гаспадарчага ўпраўлення, у ягонай уласнасці знаходзіцца каля 400 будынкаў, але арганізацыя, якая абслугоўвае будынкі ГГУ, у сваіх справаздачах указвае 800 будынкаў па ўсёй Беларусі агульнай плошчай амаль 1,7 мільёна квадратных метраў. Калі б такі аб'ём камерцыйнай нерухомасці трэба было пабудаваць з нуля, то пры цяперашніх тэмпах будоўлі на гэта пайшло б каля 17 гадоў.
Дзіцячае казіно
Дзякуючы мудраму і інклюзіўнаму Кіраўніцтву справамі прэзідэнта у Беларусі нават дзеці атрымліваюць роўныя шанцы на ўдачу. Сакрэт просты: берацё тэлефон, ставіце галачку, што вам ёсць 18 гадоў — і гатова! Не трэба пашпарта, спраўджванняў праз сэлфі і іншых замарочак. Гэта ж дзяржаўнае казіно, усё «па-чэснаму»! Галоўнае, што прывязаць вы можаце любую картку — нават маміну.
Праўда, пасля здзіўленыя знікненнем грошай на сваіх картах мамы даведваюцца, што фармальна кампанія «Belbet», якая належыць Кіраўніцтву справамі прэзідэнта, — гэта не казіно, а латарэя! Дзейнасць гэтую ніхто не рэгулюе, грошы мамам ніхто не верне, а за петыцыю, якую яны падпісалі, можна з лёгкасцю прысесці на пэўную колькасць гадоў, бо сайт электронных петыцый (Petitions.by) прызнаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Усё па законе!
І вядома, калі дзесьці паменела (як у выпадку з мамінай карткай), значыць, дзесьці паболела. І не кісла гэтак паболела: паводле даступных дадзеных за 2023 год, «Беларускія латарэі» атрымалі амаль 2 мільярды долараў прыбытку, з іх 99,8 % — гэта ўнёсак «Belbet». Дзякуй, мамы!
Шэйман – залатая ручка
Яшчэ адзін надзейны спосаб, як Кіраўніцтва справамі прэзідэнта можа паклапаціцца пра свайго боса, — гэта золата. І вось добры сябар Аляксандра Рыгоравіча і колішні начальнік Кіраўніцтва справамі прэзідэнта (з 2013 па 2021 год) Віктар Шэйман едзе ў Афрыку.
Па тэлевізары паказваюць прыгожую карцінку: афіцыйныя візіты, беларускія інжынеры, афрыканскія шахты, дзяржаўны праект, міжнароднае супрацоўніцтва. Прыгажосць! Хутка золата паліецца ракой.
Але раптам расследавальнікам становіцца вядома, што «дзяржаўная» кампанія па здабычы золата зусім не дзяржаўная, што ёй валодае сын добрага сябра Аляксандра Рыгоравіча — Віктара Шэймана. А абстаўляюцца ўсе справы праз цэлую сетку афшораў. Без фінансавага ўдзелу Беларусі. І золата ліецца кудысьці міма рэспубліканскага бюджэта. У выніку — дзяржаўныя ўкладанні як у золатаздабычу, а прыбытак — як з продажу бульбы. Для дзяржавы, вядома ж, не для Віктара Шэймана і, канечне, не для Аляксандра Лукашэнкі.
Ты не адзін!
Ну праўда, хоць ты і швец, і жнец, і зусім маладзец, але абысціся без цэлага вывадку куранятак-кіраўнікоў неяк зусім не атрымліваецца. Таму Аляксандр Лукашэнка выкарміў іх уласнымі грудзьмі... ці, дакладней, «мэрсэдэсамі»... Напрыклад, пасля выбараў 2001 года клапатлівы гаспадар не змог стрымаць сваёй пяшчоты да сваіх куранятак і падарыў чыноўнікам, якія яго падтрымалі, «мэрсэдэсы».
«Ну, я што, з бюджэта гэтыя грошы ўзяў? Ды ні капейкі з бюджэта не ўзяў. Дзе ўзяў — гэта мая справа», — адказваў на нясмелыя закіды «зласліўцаў» пра «мэрсэдэсы» Лукашэнка. Ну і праўда, «дзе ўзяў, дзе ўзяў»? Што вы як маленькія, далібог...
Хаця, упэўненыя, Аляксандр Рыгоравіч «чэсна і адкрыта» мог бы адказаць і на гэтае пытанне. Вось як некалі гэтак жа шчыра адказаў першаму кіраўніку КСП Кірсправамі Івану Ціцянкову, які неяк запытаўся, куды сыходзіць частка грошай ад продажу за мяжу савецкай зброі па заніжаных цэнах. «Не лезь не ў свае справы!» — адказаў Аляксандр Рыгоравіч кіраўніку Кіраўніцтва справамі прэзідэнта.
І справы ў тых «куранят», хто не соваў нос не ў свае справы, маглі спачатку ісці вельмі добра — як напрыклад у Галіны Жураўковай, якая ў пачатку 2000-х узначаліла КСП. Як у Віталія Дрожжы, які ўзначальваў нацпарк «Браслаўскія азёры» і пасля стаў міністрам лясной гаспадаркі, як у дырэктара ГУ «Санаторый Юнацтва» і першага намесніка начальніка Кіраўніцтва справамі Дзмітрыя Рыбко або ў Аляксандра Гундара, які кіраваў Рэспубліканскім культурна-асветным цэнтрам КСП.
Але як толькі гэтыя людзі спрабавалі палепшыць свае справы за кошт справаў КСП, жыццё іхнае тут жа станавілася не вельмі вясёлым: у Жураўковай абяцалі быць невясёлымі 4 гады ў калоніі, у Дрожжы — 7,5, Дзмітрыю Рыбко дасюль свеціць да 15 гадоў. А Аляксандру Гундару... ужо нічога не свеціць, акрамя начных ліхтароў над помнікам на менскіх Кальварыйскіх могілках. Вось і атрымліваецца, што Лукашэнка выводзіць супрацоўнікаў КСП на ростані: сядзь або памры. Прычым у першым выпадку ёсць шанец, што цябе памілуюць, як Жураўкову і Дрожжу, і вярнуць на кіраўнічую пасаду, а вось у другім...
Налівай
Ёсць у Кіраўніцтва справамі яшчэ адна магічная здольнасць: абясшкоджваць шкодныя рэчывы і нават ператвараць іх у карысныя. Асабліва гэта добра ўдаецца на прыкладзе алкагольнай прадукцыі.
Схема простая.
Крок 1: «Глядзіце, які шкодны ў Aperol выкарыстоўваецца фарбавальнік! Трэба забараніць яго продаж у краіне».
Крок 2: Перадаём эксклюзіўнае права на продаж Aperol кампаніі КСП «Беларусьторг».
Крок 3: Збіраем прыбытак.
Што? Фарбавальнік? Дык ён жа быў шкодны, калі яго прадавалі прыватнікі, а ў дзяржаўных руках дабаўка Е110 не толькі не шкодная, але і карысная. Піце на здароўе!
У пераліку прадуктаў, якія прадае КСП, ёсць таксама тытунёвыя вырабы, алкаголь, вада «Баравая» і... лыжы. А яшчэ прадпрыемствы Кіраўніцтва справамі прапануюць паслугі палявання ў прыгожых беларускіх пушчах, лясныя гаспадаркі — прадаюць вугаль, драўніну, пуцёўкі і ўвогуле ўсё, што можна вырваць з зямлі і прадаць.
Вядома ж, такая маштабная гаспадарка цудоўна функцыянуе і прыносіць добры даход, сярод прадпрыемстваў КСП нямала такіх, што сталі паспяховымі. Але вось цікава, як бы яны сябе адчувалі ў роўных умовах з усімі ўдзельнікамі рынку?
Уся гэтая гісторыя пра тое, як пад «мудрым кіраўніцтвам» швяца, жняца, фатографа, гісторыка і эканаміста Аляксандра Лукашэнкі прадпрыемствы КСП становяцца вельмі паспяховымі, асабліва ва ўмовах манаполіі, якія ствараюцца для іх спецыяльнымі загадамі, указамі, пастановамі, вуснымі распараджэннямі.
Ва ўмовах татальнага падпарадкавання, якія «крэпкі хазяйственнік» стварыў у краіне, ніхто не можа сказаць, што гэта не вельмі нармальна, калі Лукашэнку дараць верталёты, «майбахі», «тэслы» і дарагія гадзіннікі. А астатняе, атрымліваецца, ён проста купляе? Але ж не за скрадзеныя грошы, а за грошы «заробленыя». Бо як можна красці ў сябе, калі ўсё навокал — тваё?
«У мяне, акрамя Беларусі, нічога няма», – казаў Аляксандр Лукашэнка падчас VI Усебеларускага народнага сходу ў 2021 годзе.
І сапраўды так: а навошта табе нешта яшчэ, калі ў цябе ёсць цэлая Беларусь?









