Вайна «тая» і вайна «гэтая»
Па слядах Дня Перамогі: як вайна ва Украіне ратуе памяць пра Другую сусветную
Прайшло некалькі дзён пасля маштабнага адзначэння 80-годдзя з Дня Перамогі. Адгрымелі салюты, адгучалі прытарныя прамовы, прайшлі дзяжурныя святкаванні з палаткамі на цэнтральных плошчах і чэргамі за чаркай і «салдацкай кашай»… Прапаганда зняла пілоткі і пераключылася на іншыя тэмы.
Мы наўмысна ўзялі паўзу, каб не дакідваць чарговыя гукі ў гэты і без таго бязладны аркестр. Але калі пыл нарэшце крыху ўлёгся, усё ж хацелі б звярнуць увагу на пару момантаў з нагоды Дня Перамогі.
Дэвальвацыя памяці
На вялікі жаль, будуючы сваю ідэалогію на Вялікай Айчыннай вайне, лукашэнкаўская і пуцінская прапаганда моцна здэвальвавала ў людзей ўспрыняцце падзей 80-гадовай даўніны. У гэтым, дарэчы, падчас святочных прамоваў прызнаваўся і сам Лукашэнка: маўляў, чыноўнікі праводзяць мерапрыемствы па святкаванні Перамогі абы з рук, для «галачкі».
Не дзіва, што ў іхных галовах нараджаліся несуразныя чэленджы з хаджэннем на паўсагнутых нагах або стаяннем на адной назе з кнігай на галаве ў гонар Дня Перамогі.
Так, сапраўды, эмоцый ад той вайны амаль ужо не засталося. Засталася абавязалаўка. І як ад любой абавязалаўкі, ад гэтага ўсяго інстынктыўна хочацца адвярнуцца, не ўпускаць у сябе.
І ў гэтым праблема. Таму што тады наступны крок — адмаўленне. І тады разам з гэтымі засаленымі словамі, залапанымі рукамі сімваламі ідзе адмаўленне ахвяр той вайны, таго болю, які давялося перажыць мільёнам людзей. І гэта няправільна. Так нельга. Бо так абясцэньваецца трагедыя таго пакалення — нашых бабуль і дзядуль, на долю якіх выпала нават не адна, а дзве, а то і тры вайны (не забывайма, што многія з іх дзецьмі заспелі Першую сусветную, праз два дзясяткі гадоў з галавой акунуліся ў падзеі Другой сусветнай, а была ж яшчэ і Савецка-фінская).
І абясцэньваць гэты боль нельга ніяк, бо балела тады ўсім: і салдату ў смярдзючым і залітым дажджом акопе, і партызану ў лесе сярод непралазных палескіх балот, і беларускай жанчыне, якая з двума-трыма малымі дзецьмі заставалася ў вясковай хаце, чакаючы, што ў любую хвіліну могуць прыйсці: ці то акупанты, ці то вызваліцелі.
І ў чым яна або ейныя дзеці маглі аказацца вінаватымі перад імі (супрацоўніцтве з фашыстамі ці ў дапамозе партызанам) — аднаму Богу вядома. Наогул пра гэтых вось жанчын, якія перажылі тую вайну пад акупацыяй, сказана надзвычайна мала, а ці не яны ў першую чаргу захавалі для нас Беларусь у тое ліхалецце і адбудоўвалі яе пасля вайны, бо большасць мужыкоў забрала вайна.

І хочацца напісаць: маўляў, таму нельга забываць той вайны, але тут жа ловіш сябе на тым, што гэта і ёсць штамп. Чаму? А таму што чалавечая псіхіка як раз такі імкнецца забыць боль і пакуты: наш мозг блакуе ўвесь негатыў — у гэтым, відаць, адна з прычын, чаму непасрэдныя ўдзельнікі той вайны не надта хацелі яе ўзгадваць… Каб забыць, заглушыць і без таго вельмі моцныя эмоцыі, успаміны.
Сёння, на жаль, тыя перажыванні, боль і пакуты падмяняюцца на ідэалагічны пыл, які ўздымаецца раз на год дзеля ўслаўлення новых дыктатарскіх рэжымаў. Менавіта таму фальш пафасных прамоваў з высокіх трыбун становіцца асабліва відавочнай.
Вось чаму важна зараз не дапусціць крывадушнасці і дэвальвацыі болю ад той вайны, вось чаму неабходна расказваць пра яе ўсю праўду — якой бы непрыемнай яна ні была. А не ствараць скажоны, кіношны гераічна-рамантычны вобраз — што, здаецца, бяры аўтамат і, давай, «на Берлін!». Бо праўда пра вайну ў тым, што гэта бруд, забойствы, кроў і смерць. І калі добра разумееш гэта, тады ўжо не вельмі хочацца «паўтарыць».
Ключ да разумення «той» вайны
Самы просты спосаб зразумець праўду пра «тую» вайну — гэта ўгледзецца ў вайну «гэту», якая ідзе тут, у нас пад бокам.
Адкрый тэлефон — і паглядзі, наколькі прыгожымі і пафаснымі табе пададуцца кадры, як страляюць украінскіх палонных «вызваліцелі», як расейскія камандзіры ладзяць гладыятарскія баі паміж «дэзертырамі», прымушаючы іх біцца да смерці паміж сабой — і тады адзін з іх зможа выйсці з «штрафной» ямы, як расказваюць украінскія жанчыны пра тое, як у 2022-м хаваліся ў калодзежах пад Ірпянём ад расейскіх салдат… І гэта не фільмы, знятыя таленавітымі рэжысёрамі, гэта і ёсць тая самая праўда вайны, якую ў свой час апісваў Быкаў (прычым рабіў гэта яшчэ вельмі далікатна, бо, відаць, шкадаваў чытача, разумеючы, што насамрэч уся праўда куды больш агідная і брыдкая).
Так што не, Дзень Перамогі — гэта ў першую чаргу дзень смутку, а не пафасных прамоў і ваенных маршаў. А смуткуюць звычайна па-іншаму…