Як спрут Лукашэнкі ўцягнуў Беларусь у вайну
23 траўня BELPOL апублікаваў даклад, у якім на фактах даказвае, што Лукашэнка добра ведаў пра наступ Расіі на Украіну ў лютым 2022 года.
Ведаў — і браў непасрэдны ўдзел у фарміраванні на тэрыторыі Беларусі расійскай групоўкі для ўварвання на тэрыторыю Украіны.
Ведаў — і праводзіў разведку ваенных аб’ектаў на ўкраінскай тэрыторыі, перадаючы звесткі расіянам.
Ведаў — і аддаваў паветраную прастору ў распараджэнне расійскай авіяцыі для агрэсіі.
Ведаў — і забяспечваў пастаўку боепрыпасаў і тэхнікі са сваіх складоў расійскім войскам.
Усё ён ведаў. І не толькі ён…

Няма сэнсу пераказваць змест даклада: у ім дастаткова падрабязна ўсё апісана, і са зместам яго варта азнаёміцца, каб зразумець маштабы гэтага «ведання» і, адпаведна, адказнасці Лукашэнкі за ўчыненыя злачынствы. Бо, будзем спадзявацца, адказваць за іх усё ж калі-небудзь прыйдзецца – на судзе крымінальным, судзе гісторыі ці судзе Божым.
Аўдыёверсію гэтага матэрыялу можна паслухаць на канале «Меркаванне *Сумленных людзей» на буйных стрымінгавых платформах: Spotify, Apple Podcasts, Catsbox, SoundСloud, YouTube.
Але ўвагу хочацца звярнуць на некалькі іншых момантаў…
Момант першы: гэты даклад усё ж не зрабіў эфекту бомбы.
І не таму, што ў ім нечага не стае. Наадварот, гэта, так бы мовіць, першы поўны збор усіх злачынстваў... Хаця, па праўдзе, у сённяшніх умовах вельмі дзіўна было б чакаць хвалі абурэння ад беларускага грамадства: якое там абурэнне «з-пад плінтуса», куды загнаў усіх беларусаў Лукашэнка?
Аднак нельга й сказаць, што нейкі асаблівы розгалас выклікаў гэты даклад у незалежных СМІ, у замежных медыя ці сярод палітыкаў. Навіна пра яго, як мноства іншых, хутка ўспыхнула, але гэтак жа хутка згасла – без працяглых рэфлексій, аналізаў, зазіранняў у мінулае. Таму што многія быццам бы даўно разумеюць: так, Лукашэнка цудоўна ведаў пра напад на Украіну. Аднак гэтае разуменне пакуль мала што мяняе: ён застаецца на сваім месцы і, здаецца, пакуль няблага сябе пачувае. Зараз жа ўсе гэтыя факты – яшчэ адна папка для судовых працэсаў, якія пакуль невядома калі адбудуцца.
Але ў гэтай адсутнасці рэакцыі важна іншае: падобна, з пэўнага моманту нас усё менш і менш стала здзіўляць, эмацыйна кранаць тое, што Лукашэнка і ягонае атачэнне ўвесь час вядуць нейкія мутныя справы: займаюцца карупцыяй, цалуюцца з дыктатарамі па ўсім свеце, гандлююць з імі зброяй...
Усе проста прывыклі. Звыкліся, што праз БЕЛАЗ, Прэзідэнцкі спартыўны клуб, Прэзідэнцкі фонд, праз Дзіму, Віцю, Алексіных, Шакуціных, Баскавых, Вераб’ёў, Тапузідзісаў і іншых кішэнных персон пракручваюцца схемы такой неверагоднай складанасці, канцы ў якіх знайсці вельмі і вельмі цяжка.
Усе прывыклі і махнулі рукой, нават не зважаючы, што, паводле ацэнак, багацце сям’і Лукашэнак з гэтых схем разраслося да гадавога бюджэту ўсёй краіны – каля 14-15 мільярдаў долараў.

І тут сітуацыя як з атрутай: калі прымаць яе пакрысе, то можна выпрацаваць імунітэт, прызвычаіцца. Лукашэнка скормліваў беларусам атруту сваёй беспакаранасці – і правяраў, правяраў і правяраў тыя славутыя «цярплівасць» і «талерантнасць», штораз павялічваючы канцэнтрацыю атруты.
Ён кожны раз уздымаў планку сваёй ўседазволенасці, бачачы, што адпор з нашага боку слабы: нам не ўдалося супрацьстаяць ягоным намаганням па ўзурпацыі ўлады, не ўдалося не дапусціць падпарадкавання «сям’ёю» галоўных актываў цэлай краіны. А Лукашэнка ўспрыняў, што беларусы праглынулі гэтую атруту, звыкліся, і падсунуў новае выпрабаванне – вайной... Згадайце, як падчас УНС у лютым 2021 года ён цераз абзац свайго выступлення заклінаў: «вайна, вайна, вайна…», ужо тады, напэўна, добра ведаючы, што чакае наперадзе.
І раптам раз – атруты мы з’елі столькі, што аказаліся атручанымі цалкам: мы – суагрэсары. Прынамсі, так цяпер нас успрымаюць нашы суседзі-ўкраінцы. Няўжо з рахманых, памяркоўных, цярплівых беларусаў мы ператварыліся ў пачвар, якія забіваюць? І ўсё праз сваю абыякавасць, праз усё тое цярпенне, талерантнасць? Праз тое, што мы прывыклі – прывыклі да зла. І цяпер палітыкам, у якіх засталася магчымасць кантактаваць са знешнім светам, прыходзіцца прыкладаць неверагодныя намаганні, каб давесці, што беларусы – гэта не Лукашэнка, што беларусы – не пачвары.
Спрут
Але ёсць у дакладзе BELPOL яшчэ адзін важны момант: вядома, Лукашэнка стаіць на чале сваёй сістэмы, якая робіць махінацыі, рабуючы краіну, карае сваіх грамадзян за непакорліваць і ўдзельнічае ў вайне супраць суседзяў.
Але Лукашэнка ўсё ж не адзін: сваімі параскіданымі ва ўсе бакі шчупальцамі гэты спрут кантралюе ўвесь свой апарат, усю дзяржаўную машыну — і ўцягвае ў свае махінацыі. Больш за тое, ёсць у спрута яшчэ адна здольнасць: плявацца сваёй чорнай фарбай, замазваючы на адлегласці ўсіх, хто побач. Таму калі пра будучую атаку на Украіну ведаў Лукашэнка, то ведалі і іншыя з ягонага атачэння.
Ведаў міністр абароны Віктар Хрэнін – той самы, што за два дні да нападу даваў «слова афіцэра» міністру абароны Украіны Аляксею Рэзнікаву, што нападу не будзе.
Ведалі аб крамлёўскіх планах у Генштабе УС РБ, бо, як адзначае BELPOL, мелі дакладныя звесткі пра месцазнаходжанне, склад і ўзбраенне расійскіх войскаў; дакладна разумелі, што фарміраванне наступальнай групоўкі завершанае, і былі ў курсе магчымых напрамкаў удараў і іх мэтаў.
Ведалі кіраўнікі МУС, якія аддавалі загад падначаленым у Дзяржаўтаінспекцыі патруляваць велізарныя аўтакалоны з забеспячэннем для расійскай арміі.
Ведалі многія.

Саўдзельнікі
Лукашэнка заўсёды рабіў сваіх чыноўнікаў саўдзельнікамі злачынстваў, каб як мага мацней прывязаць да сябе, зрабіць залежнымі ад ягонага лёсу, ад ягонага знаходжання ва ўладзе.
У 2020-м ездзіў па краіне і намаўляў: «Толькі не здрадзьце мне!» — а пасля ўзяў і замазаў, як той спрут, усіх сваімі чорнымі справамі. І ўжо з кожным новым злачынствам – пачынаючы ад здзекаў з пратэстоўцаў, пасадкі Ryanair і заканчваючы ўдзелам у агрэсіі супраць Украіны – усё больш і больш людзей траплялі ў ягоную пастку. І ўжо глядзіш – пад злачыннымі загадамі стаяць подпісы дзясяткаў міністраў і соцень чыноўнікаў, кіраўнікоў прадпрыемстваў, начальнікаў цэхаў, ідэолагаў і г.д. Маса, якую Лукашэнка пацягнуў за сабой, паступова становіцца ўсё большай і большай.

І яны ідуць з ім да канца, бо не бачаць магчымасці адкруціць назад, перайсці на іншы бок – спрут моцна трымае за горла.
Вось і атрымліваецца, што Мінскі завод колавых цягачоў, які ў 2020-м крычаў Лукашэнку:«Сыходзь!», — сёння займаецца падтрыманнем у тэхнічна добрым стане расійскай ваеннай тэхнікі, якая пасля б’е па ўкраінскіх гарадах – напрыклад па горадзе Сумы на Вербніцу 2025 года, у выніку чаго загінулі 35 чалавек, у тым ліку двое дзяцей, і амаль 130 атрымалі раненні. А дырэктар гэтага прадпрыемства падпісвае загады, паводле якіх у зону так званай спецыяльнай ваеннай аперацыі адпраўляецца добрая сотня супрацоўнікаў завода, каб адрамантаваць расійскі «Іскандэр», які пасля ізноў будзе біць па Украіне. І вось ужо ў крывавай схеме саўдзелу — тыя, хто нядаўна прагнуў перамен.
Кола замыкаецца? Пакуль не, пра гэта гавораць у самім BELPOL: на беларускіх прадпрыемствах, якія вырабляюць прадукцыю для ваенных мэтаў РФ, вельмі шмат браку, на гэта скардзіўся нават Лукашэнка. Гэта паказвае, што беларусы «збольшага супраць вайны, цяпер яны не могуць адкрыта пратэставаць, аднак падпольна робяць вельмі шмат». Гэта значыць, не ўсе яшчэ прывыклі да ролі «суагрэсараў». На жаль, спосабаў дэманстраваць гэта знутры краіны застаецца ўсё менш.
Але вось наперадзе замаячылі вучэнні «Захад-2025» – на тэрыторыю краіны зноў, як і ў 2021–2022 гадах, паедуць расійскія эшэлоны з тэхнікай, асабовым складам, боепрыпасамі. Верагодна, Лукашэнка і зараз ведае пра планы сваіх саюзнікаў.
Нам жа застаецца толькі пра іх здагадвацца і падрабязна вывучаць даклад BELPOL – каб правесці паралелі і знайсці там магчымыя падказкі. Усё ж на гісторыі вучацца.