Краіна закладнікаў
Беларусь за пяць гадоў ператварылася ў краіну, дзе кожны чалавек так ці іначай сутыкнуўся з рэпрэсіямі — або сам, або праз сваякоў і знаёмых. І калі пра палітвязняў чулі, напэўна, усе і нават могуць назваць прыблізную колькасць гэтых людзей, то пра яшчэ адну катэгорыю беларускіх грамадзян, якія адчуваюць рэпрэсіі на сваёй скуры, кажуць не вельмі часта. А варта б, бо іх колькасць сапраўды ўражвае.
Гаворка — пра сваякоў тых, хто сядзіць за кратамі за палітыку, і тых, хто быў вымушаны выехаць за межы краіны, ратуючыся ад рэпрэсій.
Сумныя лічбы
На сённяшні дзень у Беларусі, паводле звестак праваабарончага цэнтра «Вясна», 1227 палітычных зняволеных. Агулам з пачатку прэзідэнцкай кампаніі 2020 года праз палітычны пераслед прайшлі больш за 4 тысячы чалавек. Гэта толькі тыя, каго афіцыйна прызналі палітвязнямі. Аднак ёсць і сотні іншых, якія сядзяць па палітычных матывах, але з розных прычын такога статусу не атрымалі. Паводле ініцыятывы Dissidentby, іх можа быць каля дзвюх тысяч, а некаторыя эксперты называюць і большыя лічбы — да пяці тысяч.
Калі ўзяць пад увагу, што ў кожнага з гэтых людзей ёсць бацькі, дзеці або партнёры, то колькасць тых, каго рэпрэсіі закранулі непасрэдна, можа дасягаць 10–15 тысяч чалавек. Гэта не статыстыка, а жывыя гісторыі — тысячы сем’яў, якія пацярпелі праз палітыку.
Ёсць і іншая катэгорыя — беларусы, вымушаныя пакінуць краіну. Падлічыць дакладна іх колькасць цяжка, бо нехта з’язджаў праз рэпрэсіі, іншыя — праз страх або эканамічныя прычыны. Але відавочна адно: ехалі не ад добрага жыцця. «Беглыя» — так грэбліва назваў Лукашэнка гэтых людзей.
Паводле ацэнак, толькі ў Еўрасаюзе сёння стала пражываюць 250–270 тысяч беларусаў, а агульная колькасць тых, хто выехаў пасля 2020 года ў розныя краіны, можа дасягаць 500 тысяч. Калі ўлічыць іх сем’і, то вынікае, што рэпрэсіі і вымушаная эміграцыя закранулі больш як два мільёны беларусаў і беларусак. Дадамо сюды не толькі блізкіх сваякоў, але і стрыечных братоў і сясцёр, бабуль і дзядуль — і гэтая колькасць павялічваецца ўжо ў разы.

Вось і атрымліваецца нейкая краіна-СІЗА, дзе безліч людзей так ці іначай сутыкнуліся з рэпрэсіямі. Больш за тое, кожны з іх патэнцыйна можа стаць мішэнню для сілавікоў, калі з нейкіх прычын праз іх захочуць адпомсціць іхным занадта актыўным сваякам.
Сын за бацьку
Разуменне, што праз сваякоў можна ціснуць на непажаданых людзей, да ўладаў прыйшло даўно, прычым далёка не ў 2020 годзе. Савецкую практыку рэпрэсій супраць дзяцей, жонак, мужоў, братоў ды сясцёр ворагаў народа доўга шукаць не прыйшлося: яна ўбудаваная ў генетычны код лукашэнкаўскай сістэмы і неаднаразова выкарыстоўвалася цягам 30 гадоў, але ў апошнія пяць з іх атрымала асаблівае пашырэнне.
Таму, калі ў 2020-м арыштоўвалі Віктара Бабарыку, разам з ім за краты змясцілі і ягонага сына Эдуарда. Хлопец тры гады праседзеў у СІЗА без суда, па прынцыпе «быў бы чалавек, а справа знойдзецца». І сапраўды: справу за гэты працяглы час знайшлі, асудзіўшы Эдуарда на падставе зусім іншых артыкулаў. Ужо тады шмат хто казаў, што сын апынуўся за кратамі дзеля таго, каб бацька быў больш згаворлівым.
А далей ужо ішлі па адпрацаванай схеме: у 2022 годзе быў арыштаваны стрыечны брат кіраўніка НАУ і намесніка кіраўніцы АПКБ Паўла Латушкі – Анатоль, якому ў выніку далі шэсць гадоў калоніі. У 2023-м быў затрыманы Арцём Лябедзька, сын дарадцы Святланы Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе і міжпарламенцкай супрацы. Вынік суда – 3,5 года зняволення.
Не грэбавалі спецслужбы й арыштамі няпоўнагадовых: напрыклад у лютым 2023-га КДБ затрымліваў 15-гадовага брата адміністратара тэлеграм-канала «Live. Сообщество железнодорожников Беларуси», які на пачатку ўварвання Расіі ва Украіну перадаваў важную інфармацыю пра перамяшчэнні расійскай тэхнікі па тэрыторыі Беларусі. Наўзамен у адміністратара патрабавалі выдаліць тэлеграм-канал і спыніць дзейнасць.
Пільная ўвага заўсёды была да добраахвотнікаў, прычым нават да загінулых. Так, да Сяргея Бандарэнкі – стрыечнага брата добраахвотніка Васіля Парфянкова – сілавікі прыходзілі ажно двойчы, прычым ужо пасля смерці Васіля. Падчас допытаў мужчыну збівалі так, што ў выніку ён трапіў у шпіталь, адкуль, на шчасце, змог уцячы ў Польшчу.
З мэтай ціску прыходзілі таксама да маці і сястры Парфянкова, якім прысудзілі суткі паводле абсалютна надуманых прычын. Урываліся сілавікі і ў кватэру да стрыечнага брата намесніка камандзіра Палка Каліноўскага Вадзіма Кабанчука — Сяргея Франчука, якога пазней асудзілі на чатыры гады зняволення паводле чатырох крымінальных артыкулаў.
Змірыцца і замаўчаць
Пералік канкрэтных прыкладаў можна працягваць яшчэ доўга. Апошнім часам беларускія спецслужбы пераключыліся на адпрацоўку беларусаў у замежжы і таму ўсімі сродкамі спрабуюць адпомсціць непажаданым ім асобам. І калі дабрацца да самога чалавека немагчыма, то ў ход ідуць «закладнікі ўнутры краіны».
Праваабаронцы адзначаюць, што да сваякоў прыходзяць з ператрусамі – а што такое ператрус, які ладзяць беларускія сілавікі, мы ведаем. Іх затрымліваюць паводле адміністрацыйных, а часам і паводле крымінальных артыкулаў, ствараюць праблемы пры пераходзе мяжы, прымушаюць запісваць пакаяльныя відэа або наўпрост тэлефанаваць сваім родным за мяжу і ўгаворваць іх вяртацца, а часам наадварот — спыніць сваю дзейнасць і замаўчаць.
Больш за тое, катэгорыя сваякоў – адна з першых у чарзе на папаўненне спіса палітвязняў. Так, у канцы лютага 2024 года ў краіне пракацілася хваля аблаў на сем’і палітвязняў, якія атрымлівалі прадуктовыя перадачы для сваіх зняволеных сваякоў ад ініцыятывы IneedHelpBY. Тады агулам былі затрыманыя каля тысячы чалавек, частка з іх самі трапілі за краты са статусам палітычных вязняў.

І што б там ні казаў Лукашэнка пра «вялікія ўгоды» з Трампам, працэс набірання закладнікаў у Беларусі не спыняецца: ужо 12 кастрычніка сілавікі зладзілі чарговы хапун, затрымаўшы дзясяткі сваякоў палітвязняў і тых, хто ім дапамагаў. Вось такая яна — вялікая ўгода па-лукашэнкаўску.







