Бывай, Б.У.Л.Ь.Б.А.С.Р.А.Ч.
Магчыма, гэта тонкі лёд, але часам варта на яго стаць, каб праверыць, ці трывалы той падмурак, на якім ты стаіш. Што ж, паспрабуем. Сёння пагаворым пра бульбасрач — так, здаецца, апошнім часам называюць ўсе дыскусіі, спрэчкі і самыя сапраўдныя сваркі, якія бурляць у сеціве паміж беларусамі і беларускамі? Найчасцей — паміж тымі, хто знаходзіцца не ў Беларусі. Бо тыя, хто застаўся, — маўчаць. І на гэта ёсць аб'ектыўныя прычыны.
Але давайце па парадку...
І першае, што варта зрабіць, — гэта развітацца з самім словам «бульбасрач», пажадана раз і назаўсёды. Будзем з'ядаць слана часткамі. Пачнем з першай. Відавочна, гэтае фанабэрыстае «бульба...» ўжываюць найперш тыя, хто хоча падкрэсліць, што ў сварках нашых ёсць нейкая нацыянальная асаблівасць. Нібыта менавіта так сварыцца могуць толькі бульбашы.
Не ведаем, як вам, але тут, здаецца, абразліва ўсё. І само слова, і гэтая ганарлівая поза чалавека ў белым паліто, які ўжывае гэтую прыстаўку, быццам бы спрабуючы стаяць па-над спрэчкай гэтых самых бульбашоў. Дык вось, вялікі белы і пухнаты брат, ідзі ты лесам. А перад гэтым зазірні ў любы чат украінцаў, палякаў ці, калі хочацца, рускіх — і паглядзі, як там падгарае з нагоды ЛЮБОЙ тэмы. Прычым моўныя практыкаванні ў іх часам куды больш складаныя, а «шматпавярховасць» лексікі нашмат больш унушальная, так што на іхным фоне «сваркі» беларусаў могуць падацца душэўнай размовай.
З часткай слова «срач» — складаней. Бо часам сапраўды тое, як мы вядзём спрэчку, нагадвае зусім не дыялог. Але апошнім часам у нашым бабле назіраецца відавочны прагрэс: ад простага жадання нагадзіць у каментах многія пачалі пераходзіць да больш-менш аргументаванай абароны сваёй пазіцыі. І ў гэтым ужо ёсць вялікае-вялікае дасягненне. Таму з пэўнай доляй аптымізму скажам, што срач мы перараслі ці, ва ўсякім разе, знаходзімся на гэтым шляху.
Пра што мы спрачаліся і спрачаемся
А спрачаемся мы шмат пра што. І чым больш аддаляемся ад адчування еднасці 2020 года, чым больш у нас накопліваецца злосці і раздражнення, што такая блізкая, як тады здавалася, перамога становіцца вельмі прывіднай, тым больш пладзіцца гэтых спрэчак, тым больш узнікае розных пытанняў — на самыя розныя тэмы. І адказы на іх трэба прагаварыць — калі не іншым, то самому сабе: а як я адношуся да гэтага? І чаму менавіта так?
Напрыклад, як я адношуся да таго, што нехта іншы выйдзе на марш з вясёлкавым сцягам і стане з ім побач са сцягам бела-чырвона-белым? Як я стаўлюся да таго, каб зняць з Лукашэнкі санкцыі за тое, што ён выпусціць палітвязняў, і ён зноў выйдзе сухім з вады? Ці трэба перавыбраць сабе новага лідара ці лідарку? Ці трэба «адправіць у Манголію» Франака? Ці варта ўмоўным «змагарам» шукаць паразумення з умоўнымі «ябацькамі»? Ці можна Кныровічу весці размовы з Турам у «чаціку рэфарматараў»? А што я думаю пра харасмент? А пра хатні гвалт? А пра рассылку дыкпікаў? І ці астатнія думаюць гэтак жа, як я? А калі не так, то чаму?
І пытанняў такіх цягам вось гэтай пары гадоў была процьма... Адны з іх — яшчэ як свежыя раны – крываточаць, выклікаюць бурныя слоўныя перапалкі, іншыя — ужо адбалелі, зарубцаваліся. А шнары, якія з'явіліся на іхным месцы, нагадваюць: вось пра гэта мы думалі так, а пра тое — гэтак, вось гэта асудзілі, а тое — наадварот. І цяпер, калі мы зноў трапім у падобныя сітуацыі, мы будзем памятаць, што ўхваляецца, а што не, і, магчыма, гэта засцеражэ некага ад учынку, ухвалення якому адназначна не будзе.
Так выпрацоўваецца мараль, своеасаблівы камертон грамадства — па самых-самых розных пытаннях, пра якія раней, магчыма, нават не задумваліся. Так мы намацваем белыя плямы, недагаворанасці і пачынаем рэфлексаваць над імі. І нязручныя пытанні тут — добры спосаб зразумець свае слабыя пазіцыі, той самы тонкі лёд, адсутнасць падмурку. Каб яго выбудаваць — для сябе, для ўсіх нас.
Ад дыскусіі да срача адзін крок
З назіранняў за спрэчкамі сярод беларусаў нам удалося вылучыць некалькі простых прыкмет, якія паказваюць, з якой верагоднасцю будучая спрэчка ператворыцца ў срач. Магчыма, простае пералічэнне іх дапаможа яшчэ крыху наблізіцца да таго, каб не даваць ўцягнуць сябе ў нецывілізаваныя формы вядзення размоваў.
Першае. Бачыце, што дыскусію пачынае чалавек з вентылятарам у руках, які толькі і робіць, што правакуе канфлікт, — адразу адпраўляйце яго лесам. Бо дыскусіі павінны весціся сумленна, іх мэта — наблізіцца да вырашэння ўзнятага пытання. Вось такі наш ідэальны свет, але ў ім дакладна не месца персанажам, якія толькі накідваюць.
Другое. Заўважылі, што адбываецца пераход на асобы, — спыняйцеся, бо далей дыялогу не будзе, замест дыскусіі вы атрымаеце гару ярлыкоў на шыю, а аргументы вашыя ў лепшым выпадку запіхаюць вам за каўнер (мякка кажучы).
Ну і па-трэцяе, не ўвязвайцеся ў спрэчкі з тымі, хто дзейнічае па прынцыпе «крыкнуў грамчэй — сеў ямчэй»: найчасцей крычаць тыя, хто ведае, што спакойным тонам ягоныя «аргументы» не вытрымаюць ніякай крытыкі. Няпраўда заўсёды распаўсюджваецца хутчэй і далей — таму за гучнымі пастамі без фактаў у аснове часта стаіць жаданне зарабіць на вас ачкоў, лайкаў, грошай.
Таму перад тым, як увязвацца ў дыскусію, паспрабуйце зразумець мэты чалавека, які яе пачынае. Асабліва гэта стала актуальным у апошнія месяцы, калі за пэўнымі накідваннямі праглядаюцца пагоны спецслужбістаў. Яны атрымліваюць грошы за тое, каб пасварыць паміж сабой людзей, што ў 2020-м раптам захацелі аб'яднацца і салідарызавацца. Калі ласка, не станавіцеся карыснымі ідыётамі, не падыгрывайце ім.
Наперадзе шмат дыскусій
Нам вельмі важна навучыцца майстэрству вядзення дыскусій, бо зараз на тых, хто знаходзіцца ў бяспецы (на жаль, у першую чаргу за межамі Беларусі) і можа гаварыць свабодна, ляжыць адказнасць за выпрацоўку тонкіх настроек нашага грамадства: адэкватнай рэакцыі на гвалт, на вайну, на фальш, на несумленнасць, на маніпуляцыі, на прапаганду і шмат што яшчэ.
Бо ўнутры Беларусі многія з гэтых тэм уздымаць вельмі цяжка, вельмі небяспечна, калі не немагчыма. Там функцыю маралізатара забрала на сябе прапаганда, а як яна асэнсоўвае гэтыя тэмы, кожны з вас цудоўна ведае.
І галоўнае: у будучыні, калі частцы беларусаў удасца вярнуцца на радзіму, усім нам неабходна будзе правесці вельмі шмат дыскусій на самыя розныя тэмы, якія з пэўных прычын не ўздымаліся ці былі табуяваныя. І вельмі важна, каб гэтыя дыскусіі зноў не ператварыліся ў бульбасрачы.


Дзякуй за тлумачэнне!