Беларуская адукацыя: сістэма выхавання «гасударавых людзей»
Беларускія ўлады пачалі змаганне за душы дзяцей, спрабуючы іх абярнуць у сваю веру і выхаваць з іх сапраўдных «патрыётаў». Праўда, у сваім значэнні гэтага слова.
«Мы згубілі моладзь...»
Толькі сляпы будзе адмаўляць, што ўлады сёння ўзяліся за дзяцей і моладзь. Сур’ёзна ўзяліся, бо ў пэўны момант зразумелі, што моладзь не на іхным баку.
Аляксандр Лукашэнка адчуў гэта яшчэ напярэдадні пратэстаў, у ліпені 2020-га, калі на вуліцах Беларусі ўжо пачалі вышыхтоўвацца ланцугі салідарнасці з удзелам вялікай колькасці маладых людзей. Ён тады заяўляў: «Шчыра прызнаю — мы страцілі не толькі моладзь у асноўным, таму што з ёй не працавалі — думалі, што ўсё само па сабе складзецца, мы згубілі шмат у чым сувязь са звычайнымі людзьмі”.
І меў рацыю... Колькасць маладых людзей, што праз месяц пасля гэтых словаў выйшла на пратэсты, - студэнтаў, нават школьнікаў - моцна ўражвала. Хутчэй за ўсё, уразіла яна і Лукашэнку.
Прайшоў год - у жніўні 2021-га перад пачаткам навучальнага году ён сабраў Рэспубліканскую педагагічную нараду, на якой ужо загадваў настаўнікам (тым самым, што старанна малявалі яму прыгожыя працэнты ў выбарчых бюлетэнях) «навесці парадак у школе, чаго б гэта ні каштавала»; казаў, што «школа не можа быць па-за палітыкай, але палітыка там можа быць толькі дзяржаўная».
І палітыка прыйшла ў школу. Ці, дакладней, яна і так там была. Але зараз стала адчыняць дзверы ва ўсе кабінеты — з нагі.
Ідэалогія ў адукацыі
Стаўку зрабілі на ідэалогію. Яна, дарэчы, таксама ўжо даўно прысутнічала ў сферы адукацыі. Адмысловы курс ідэалогіі беларускай дзяржавы, напрыклад, з’явіўся яшчэ ў 2007 годзе.
Праўда, прагортваючы дапаможнікі, напісаныя для гэтага курса, можна заўважыць, што напоўненыя яны былі нейкімі абстракцыямі, адарванымі ад рэальнага жыцця, і патыхалі абавязалаўкай савецкіх часоў.
А Лукашэнку патрэбная была канкрэтыка. Якая? Насамрэч вельмі простая: яе добра сфармулявала старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава: «Вы ўсе гасударавы людзі...» Гэта значыць - поўнасцю належыце свайму гаспадару і залежыце ад яго. А ён ужо будзе для вас гарантам і незалежнасці, і суверэннасці, і законнасці, і як там яшчэ ў Канстытуцыі?.. Але прапісаць гэта наўпрост у ідэалогіях ды законах — неяк няёмка. Таму спрабавалі абгарнуць іншасказальна. Але ўсё не тое, усё не так...
Не дзіва, што Лукашэнка раздражняўся і скардзіўся расейскаму філосафу Дугіну ў 2021-м, што няма яшчэ ў Беларусі ідэалогіі, «пакуль нічога не нарадзілася»: «Што за ідэя, якая не можа завалодаць масамі».
Ніяк добраахвотна не хацелі людзі атаясамліваць галоўную ідэю існавання краіны з адной персонай. І ў 2020-м улады зразумелі: калі «ідэя не можа завалодаць масамі», то трэба яе ўбіваць туды сілком — ад дзіцячага садка, школы, універсітэта. Таму асноўная нагрузка лягла на сістэму адукацыі.
І тут панеслася! Аналітыкі iSANS адзначаюць моцную ідэалагізацыю адукацыйных працэсаў, якая назіраецца апошнім часам: тут і прыцягненне да ідэалагічных мерапрыемстваў, пачынаючы ад рознага роду суботнікаў і заканчваючы акцыямі да Дня адзінства народаў Беларусі і Расіі. Тут і акцыі па адзначэнні ўгодкаў з дня нараджэння лідара сусветнага пралетарыяту Уладзіміра Леніна (з чаго б гэта раптам?)
І галоўнае — працяг курсу на актыўнае насаджэнне культу асобы Аляксандра Лукашэнкі: па краіне з помпай праводзяцца прэзентацыі кнігі «Наш прэзідэнт», а ў сакавіку ладзіліся акцыі ў падтрымку інаўгурацыі Лукашэнкі, дзе дзяцей прымушалі ўдзельнічаць у флэшмобах і крычаць на камеру «Вы — народны прэзідэнт!».
Галоўнымі ж праваднікамі гэтай ідэалогіі сталі настаўнікі (так-так, тыя самыя, што ў 2020-м выклікалі АМАП на пратэстоўцаў каля выбарчых участкаў).
Працягваючы логіку Качанавай, ужо сам Лукашэнка сказаў, што «настаўнік — гэта чалавек прэзідэнта». І задачай гэтых «гасударавых, прэзідэнцкіх людзей» з’яўляецца выхаванне новых «гасударавых людзей», «прэзідэнцкага народа».
Не пускаць — і ўсё тут
Уладам становіцца зразумела, што па-за рамкамі дзяржаўнай адукацыі выхаваць такіх немагчыма. Што ўжо казаць пра тых, хто едзе вучыцца за мяжу? Таму рэакцыя ўладаў была простая: забараніць!
Забараніць прыватныя школы (гэты працэс мы назіраем з 2022 года).
Зарэгуляваць і ўзяць пад нагляд рэпетытараў (напрыклад, законапраект «Аб парадку ажыццяўлення самастойнай прафесійнай дзейнасці па навучанні» ледзь не паставіў пад пагрозу існаванне такога віду паслуг, як рэпетытарства, але пад прэсам грамадскіх абмеркаванняў улады мусілі пакуль адступіць).
Не пускаць дзяцей вучыцца за мяжу і праводзіць з бацькамі, якія хочуць адправіць іх туды, прафілактычныя гутаркі.
Не выдаваць выпускнікам атэстаты (школы затрымлівалі выдачу атэстатаў вучням, каб тыя не паспявалі падацца з дакументамі на ўступныя кампаніі ў замежныя ВНУ. Часам даходзіла да таго, што ў атэстатах наўмысна рабіліся памылкі, каб вучням прыходзілася прасіць выдаць дублікат з выпраўленнямі, а за той час, пакуль рабіўся дублікат, у замежных ВНУ ужо заканчвалася ўступная кампанія).
Ускладніць працэдуру апастылявання дакументаў (кошты за апастыль дакументаў выраслі ў разы за апошнія гады, як выраслі і чэргі на гэтую працэдуру ў беларускіх установах).
Ну а каб завяршыць карціну, дзяцей апрацоўваюць яшчэ праз прагляд ідэалагічных фільмаў, якія расказваюць пра цяжкасці жыцця беларускіх эмігрантаў за мяжой.
Аты-баты, ішлі ў салдаты
Але настаўнікаў для ідэалагічнага выхавання дзяцей усё ж падалося мала... Таму на дапамогу ім прыйшлі сілавікі. Яны ўвогуле зараз прыходзяць на дапамогу ва ўсіх сферах, трымаючыся запаветаў Аль Капонэ, калі добрым словам і дубінкай можна дасягнуць нашмат большага, чым толькі добрым словам.
І пачалі арганізоўвацца ваенна-патрыятычныя клубы, дзе дзеці, яшчэ толкам не навучыўшыся чытаць, ужо вучацца збіраць і разбіраць аўтаматы, ісці ў рукапашны бой і кідаць гранаты.
Колькасць такіх клубаў расце як на дражджах. На канец 2024 года толькі пад эгідай МУС іх налічвалася 160, а наведвалі іх 5,5 тысячы дзяцей. У сакавіку 2025-га 60 падобных арганізацый было і на базе вайсковых частак Узброеных сіл РБ, у іх запісаліся 2 тысячы дзяцей. Станам на травень 2025-га толькі ў Мінску ваенна-патрыятычных клубаў было 56.
Але не клубамі адзінымі: да ваенна-патрыятычнага выхавання паціху пачынаюць падцягваць і звычайныя школы. Паводле iSANS, апошнім часам актывізавалася правядзенне ў школах ваенізаваных гульняў кшталту «Зарніцы», шкаляроў таксама пачалі далучаць да рознага кшталту турніраў. Неадменным элементам святаў, і школьных імпрэз у тым ліку, сталі выступленні спецназаўцаў са сваімі ваяўнічымі «танцамі» — так бы мовіць, іншых тэатральных пастановак, дзеці, у нас для вас няма.
І ўся гэтая мілітарная логіка падказвае наступны крок, пра які з гонарам заявілі ўлады: спачатку ў некаторых ВНУ, а потым ужо і ў школах анансавалі ўвядзенне праграм па навучанні кіраванню беспілотнымі апаратамі — адпаведны факультатыў з’явіцца для вучняў 8–9х класаў з наступнага навучальнага года. З улікам таго што сёння войны вядуцца пераважна з дамогай дронаў, можна лёгка зразумець, каго рыхтуюць з сённяшніх дзяцей.
Сістэме патрэбныя салдаты, гатовыя выконваць любыя загады, і менавіта на іх падрыхтоўку робіцца ўсё большы акцэнт у беларускай адукацыі. Яе задача — выхаваць такіх «патрыётаў», якія будуць гатовыя ахвяраваць сабой дзеля аднаго чалавека, постаць якога спрабуюць выдаць беларусам і за дзяржаўную ідэалогію, і за паняцце патрыятызму. Ёй патрэбныя «гасударавы людзі».