Скрасці выбары: метадычка дыктатара
Як вы лічыце, што замінае дыктатарам адным сваім указам узяць і адмяніць правядзенне выбараў у сваёй краіне і тым самым прызначыць сябе кіраўнікамі на доўгія гады? Здавалася б, у іх ёсць уся паўната ўлады, але ні Лукашэнка, ні іншыя дыктатары (хаця ёсць, канечне, і выключэнні) такой магчымасцю не карыстаюцца і чамусьці працягваюць гульню пад назвай «выбары». Пры гэтым яны старанна крадуць гэтыя самыя выбары ў сваіх народаў.
У сваім фільме «Скрасці выбары: метадычка дыктатара» мы сабралі найбольш пашыраныя прыёмы фальсіфікацыі выбараў у розных дыктатурах і аўтакратыях свету. А таксама паразмаўлялі з экспертамі, якія пралілі святло на тое, як маніпуляцыі, падтасоўка фактаў і часам адкрытая хлусня дазваляюць дыктатарам «прадаваць» сваю перамогу грамадзянам краіны.
У гэтым матэрыяле мы перакажам самае асноўнае з нашых разважанняў. А каб не прапусціць усё самае цікавае, у тым ліку меркаванні нашых экспертаў, глядзіце фільм поўнасцю.
Навошта дыктатарам выбары
Спачатку ўсё ж давайце разбяромся, навошта дыктатарам выбары. Ці не прасцей было б іх узяць і адмяніць адным указам? Так, як у канцы 1930-х гэта ўдалося Франсіска Франка, які кіраваў Іспаніяй цягам амаль чатырох дзесяцігоддзяў без усялякіх выбараў. Або кіраўніку Дэмакратычнай Рэспублікі Конга Мабуту Сесе Секо, які пасля прыходу да ўлады адмяніў выбары і адзінаасобна кіраваў краінай з 1965 па 1997 год.
Сапраўды такія прыклады ёсць, але ўсё ж іх няшмат. Найчасцей нават у самых жорсткіх дыктатурах кіраўнікі імкнуцца ствараць ілюзію выбараў. І на гэта ў іх ёсць свае прычыны.
Так, амаль усе эксперты, з якімі нам удалося паразмаўляць, адной з прычын правядзення выбараў дыктатарамі назвалі іхнае жаданне атрымаць легітымнасць.
Сапраўды, выбары — гэта рытуал надання легітымнасці і спосаб абгрунтаваць, чаму кіраўнік той ці іншай дзяржавы мае права займаць сваю пасаду. Логіка тут простая: паколькі крыніцай улады ў канстытуцыях шматлікіх краін, у тым ліку дыктатарскіх, з’яўляецца народ, то і дамаўляцца кіраўніку дзяржавы прыходзіцца менавіта з народам.
Таксама выбары ствараюць уражанне, што сістэма кіравання адпавядае дэмакратычным стандартам. Гэта асабліва важна для міжнароднай супольнасці: так дыктатар можа забяспечыць сабе эканамічную падтрымку, нармалізаваць адносіны з іншымі краінамі або нават пазбегнуць санкцый.
Словам, дыктатарам з дапамогай выбараў трэба імітаваць усенародную падтрымку. Але як гэта зрабіць? Асабліва калі такой падтрымкі няма. Вось тут у ход ідуць самыя розныя інструменты, якія выкарыстоўваюцца ў патрэбныя моманты і дапамагаюць дыктатарам красці выбары ў свайго народа, атрымліваючы абсалютна прагназаваны вынік.
Падрыхтоўка
Насамрэч красці ваш выбар аўтакраты пачынаюць яшчэ задоўга да старту электаральнай кампаніі.
У першую чаргу яны спрабуюць скрасці вашае меркаванне і падмяніць яго на наратывы, якія бясконцай мантрай ліюцца з дзяржаўных СМІ.
Таму вам як выбарцам будуць расказваць пра ўнутраных ворагаў, якія толькі і чакаюць моманту, каб разбурыць стабільнасць у краіне. Як, напрыклад, гэта рабіў філіпінскі дыктатар Фердынанд Маркас, які ў 1972 годзе скарыстаўся рыторыкай пра «камуністычных паўстанцаў», абвесціў ваенны стан, адмяніў выбары і ўсталяваў аўтарытарнае кіраванне на доўгія гады.
Праўда, былі і такія, хто вырашаў пытанні з унутранай апазіцыяй больш радыкальна. Прэзідэнт Экватарыяльнай Гвінеі Франсіска Масіас Нгема збіраў іх на стадыёне і расстрэльваў пад музыку з кулямёта, а прэзідэнт Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікі Жан Бедэль Бакаса іх папросту з’ядаў. Але гэта суровыя афрыканскія норавы.
У нашай жа краіне хоць і змагаюцца жэстачайшэ як з унутранымі ворагамі, так і замежным уплывам падчас выбараў, але ўсё ж да такога не даходзіць. Тым не менш ворагі мрояцца паўсюдна. Памятаеце 150 джыпаў з буйнакалібернымі кулямётамі, якія ў 2020 годзе мусілі ўварвацца з Літвы ў Беларусь і праехаць да Мінска, каб абстраляць рэзідэнцыю Лукашэнкі?
Безумоўна, галоўнай мішэнню знешніх ворагаў становіцца не хто іншы, як дзейны кіраўнік краіны.
Так, пра замах на сябе ў 2019 годзе заяўляў прэзідэнт Венесуэлы Нікалас Мадура. Паводле яго, да гэтага быў датычны былы лідар Калумбіі Альвара Урыбе, а напад павінны былі здзейсніць ягоныя найміты.
Такі ж ход вырашыў выкарыстаць і беларускі КДБ у выпадку з Лукашэнкам, праўда, ужо пасля выбараў 2020-га, каб даказаць, што ўсе пратэсты інспіраваліся з-за мяжы.
Вывад, які хочуць паднесці спажыўцам такіх трылераў, толькі адзін: грамадзянам краіны трэба яднацца вакол дзейнага лідара – гаранта стабільнасці.
Прызначэнне даты
Але вось наступае час прызначэння выбараў. І тут дыктатары і аўтакраты становяцца вялікімі аматарамі рабіць сюрпрызы. Можна, напрыклад, трымаць у тонусе апанентаў, да апошняга не называючы дакладнай даты выбараў, або прызначаючы іх трошкі раней, усяго на які-небудзь месяц.
Так зрабіў у Казахстане Касым-Жамарт Такаеў, які прыйшоў на змену Нурсултану Назарбаеву. Ён 9 красавіка 2019 года прызначыў выбары на 9 чэрвеня, адвёўшы на кампанію ўсяго два месяцы.
Па такім жа шляху ў 2020-м пайшоў Эмамалі Рахмон у Таджыкістане, які ў жніўні прызначыў выбары не на лістапад, як паводле закону чакалі ўсе, а на кастрычнік. Не цяжка здагадацца, хто перамог у абодвух выпадках.
Як варыянт можна таксама прызначаць выбары на перыяд адпачынкаў, каб фізічна знізіць яўку выбарцаў, або сумясціць іх з днём нацыянальных святаў, каб адцягнуць увагу ад рэальнай палітычнай барацьбы. Карацей, магчымасцяў для крэатыву хоць адбаўляй.
Вылучэнне кандыдатаў і збор подпісаў
Перыяд вылучэння кандыдатаў — адзін з найбольш стрэсавых момантаў для дыктатараў і аўтакратаў, бо сюрпрызы тут могуць напаткаць ужо іх — у выглядзе нечаканых прэтэндэнтаў.
І тады задача нумар адзін — не дапусціць гэтых выскачак да выбараў. На дапамогу прыходзяць заўсёдныя хаўруснікі: спецслужбы і прапаганда, задача якіх – ачарніць тых, хто адважыўся кінуць выклік дзейнаму кіраўніку. А яшчэ лепей сфабрыкаваць такі кампрамат, які б даваў падставы пасадзіць апанентаў за краты на доўгія гады.
Так, у 2021 годзе ў Нікарагуа ўлады затрымалі апазіцыйнага палітыка Ноэля Хасэ Відаурэ, які планаваў удзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах. Яго абвінавацілі ў дзяржаўнай здрадзе і пагрозе суверэнітэту краіны. Відаурэ на той момант стаў ужо сёмым затрыманым кандыдатам у прэзідэнты.
Беларускія паралелі прыходзяць самі сабой, бо яшчэ свежыя ўспаміны пра тое, як 29 траўня 2020 года ў выніку правакацыі быў затрыманы Сяргей Ціханоўскі, а 18 чэрвеня — Віктар Бабарыка.
Але калі сфабрыкаваны кампрамат не зрабіў сваёй справы і прэтэндэнтам удалося назбіраць неабходную колькасць подпісаў у сваю падтрымку, у актыўную гульню ўключаецца Цэнтральная выбарчая камісія, у якой, як правіла, знаходзяцца правераныя людзі. І тады пачынаецца разгляд кожнага подпісу пад мікраскопам з мэтай знайсці ў пратаколах памылкі і на гэтай падставе зняць прэтэндэнта з перадвыбарчай гонкі.
Агітацыя
Калі нягледзячы ні на што кандыдаты ўсё ж такі зарэгістраваныя, пачынаецца час агітацыі.
Паводле меркавання дыктатараў, яна мусіць праходзіць прыблізна з аднолькавымі правіламі: адным усё — то бок поўны доступ да СМІ, адміністрацыйны рэсурс, дзяржаўны бюджэт, а другім — закон: абмежаваны эфірны час, сустрэчы з выбарцамі ў лесапарках на ўскраінах горада і фінансаванне кампаніі за ўласныя грошы.

Няроўныя ўмовы для кандыдатаў — з’ява распаўсюджаная, асабліва яна характэрная для постсавецкай прасторы: сустрэчы з «правільнымі» праўладнымі кандыдатамі адбываюцца ў актавых залах дзяржаўных прадпрыемстваў, а яўка забяспечваецца адміністрацыяй. У той час як сустрэчы апазіцыйных палітыкаў пастаянна зрываюцца па надуманых прычынах: то святло адключыцца, то вадаправод прарве. Ну вы ж самі ўсё разумееце…
А часам можна і ўвогуле не замарочвацца з агітацыяй: перафразуючы вядомае выслоўе мафіёзі Аль Капонэ пра добрае слова і пісталет, можна сказаць, што якаснай агітацыяй і грашыма можна дамагчыся нашмат больш, чым адной толькі агітацыяй.
Так, напрыклад, дзейнічаў у 2023 годзе турэцкі лідар Рэджэп Таіп Эрдаган, раздаючы на перадвыбарчым мітынгу грошы сваім прыхільнікам.
Датэрміновае галасаванне
Паколькі крадзеж выбараў у адзін дзень — працэс вельмі працаёмкі, то ў аўтакратыях і дыктатурах вялікую ўвагу надзяляюць дням датэрміновага галасавання.
Гэта дае магчымасць размеркаваць свае сілы для будучых маніпуляцый раўнамерна на 4–5, а то і 7 дзён. Як, напрыклад, было ў Расіі падчас галасавання на рэферэндуме 2020 года за абнуленне паўнамоцтваў Уладзіміра Пуціна.
Правядзенне датэрміновага галасавання цягам некалькіх дзён дае магчымасць шмат што схаваць ад лішніх вачэй — і ў першую чаргу вачэй надакучлівых назіральнікаў.
Для арганізацыі высокай яўкі на датэрміновае галасаванне, якое ў Беларусі, напрыклад, даходзіць да 40% ад усёй колькасці выбарцаў, выкарыстоўваецца адміністрацыйны рэсурс.
Людзей могуць падвозіць цэлымі аўтобусамі — з прадпрыемстваў, казармаў, універсітэтаў і г.д.
Большасць маніпуляцый з бюлетэнямі, як правіла, адбываецца пад покрывам ночы. Перад днём выбараў усе ўкінутыя ў скрынкі бюлетэні вымаюцца, а замест іх засыпаюцца новыя бланкі з адзнакамі за правільных кандыдатаў.
Праўда, часам нават не патрэбная ноч, каб хаваць фактычныя злачынствы, бо для ўсіх удзельнікаў працэсу гэта становіцца нормай.
Дзень выбараў
У дзень выбараў час у краіне звычайна паскараецца да шалёных тэмпаў, і канцэнтрацыя падзей пачынае зашкальваць.
Канечне, каб удала скрасці выбары, уладам трэба шмат што паспець. Арганізаваць «каруселі»: гэта значыць, сабраць групу грамадзянаў і пакатаць іх па ўчастках, дзе яны прагаласуюць за нейкага аднаго кандыдата, выкарыстоўваючы бланкі выбарцаў, якія не ходзяць на выбары. Закінуць фальшывыя бюлетэні ў скрынкі для галасавання. Пакласці выбарцам у кабінках ручкі з чарніламі, якія знікаюць пры награванні, каб пасля паставіць у бюлетэнях адзнакі за «правільных» кандыдатаў. Не дапусціць незалежных назіральнікаў на ўчасткі, заняўшы іхныя месцы сваімі людзьмі, а саміх назіральнікаў выставіць на вуліцу.
Падлічыць галасы так, каб у назіральнікаў не было магчымасці сачыць за працэсам. Гэта робіцца моўчкі, вынікі запісваюцца на паперку і перадаюцца старшыні камісіі, які пасля заходзіць у іншы пакой і выходзіць адтуль з канчатковымі вынікамі, праверыць якія немагчыма. Адключыць інтэрнэт, каб не даць магчымасць грамадству адсочваць сітуацыю ў краіне праз сацсеткі і месенджары. І галоўнае — разагнаць пратэстоўцаў, якія выйшлі на вуліцы выказаць нязгоду з вынікамі, абвешчанымі Цэнтрвыбаркамам.
Тут нават можна не называць краіны, таму што па факце гэта ўсё ўніверсальныя рэцэпты з той самай метадычкі дыктатараў «Як скрасці выбары», якія шырока выкарыстоўваюцца па ўсім свеце.
Пры гэтым варта адзначыць, што ўсе гэтыя падмены бюлетэняў, чарніла, якія знікаюць, запуск «каруселяў» з выбарцаў — гэта прыёмчыкі, якія найперш пасуюць для аўтарытарыяў-пачаткоўцаў.
Бо дыктатары са стажам даўно гуляюць на большыя стаўкі: прызначаюць кіраваць Цэнтрвыбаркамамі правераных людзей, якія забяспечаць правільны падлік галасоў, а пасля і ўвогуле выбудоўваюць усю сістэму галасавання такім чынам, што значэнне мае не тое, што напісана ў бюлетэнях і як іх падлічаць шараговыя чальцы камісіяў, а тое, што пасля агучаць прадстаўнікі раённых выбарчых камісій і таго ж Цэнтрвыбаркаму. І вуаля — элегантная перамога забяспечана.
Што можам зрабіць мы
Як бачыце, аўтакратам і дыктатарам няма сэнсу прыдумляць ровар – усё ўжо прыдумана і шмат разоў праверана на практыцы. Так што можна вучыцца на вопыце калег.
Што можам зрабіць зараз мы з вамі, разумеючы, што ўся дзяржаўная сістэма на чале з Лукашэнкам ужо ўключылася на поўную катушку ў працэс крадзяжу будучых выбараў?
Зрабіць законнае і бяспечнае дзеянне: прыйсці 26 студзеня на выбарчыя ўчасткі і паставіць у бюлетэні адзнаку «супраць усіх».
І няхай гэтае дзеянне не зменіць ва ўладзе чалавека, які ўжо 30 гадоў старанна выбудоўваў у краіне сістэму хлусні і фальсіфікацыяў, але яно аб’яднае ўсіх тых, хто супраць спектаклю, які ў Беларусі называецца выбарамі.
Раскажыце сваім знаёмым і блізкім, як беларускі дыктатар скраў у нас магчымасць выбіраць сваю будучыню — так жа, як крадуць такую магчымасць у сваіх народаў іншыя дыктатары і аўтакраты па ўсім свеце.