Дзеці двайнога прызначэння
Расійская ваенная машына пачала выкарыстоўваць для патрэбаў вайны дзяцей. 13–17-гадовыя падлеткі ў Расійскай Федэрацыі распрацоўваюць новыя беспілотнікі для расійскіх вайскоўцаў, удасканальваюць іх, навучаюць салдат метадам працы з дронамі — і ўсё дзеля таго, каб потым ад гэтых дронаў гінулі такія ж дзеці ва ўкраінскіх гарадах. У гэтай гісторыі жудасна ўсё. Але яшчэ больш сумна тое, што яна тычыцца таксама і беларускіх дзяцей.
Выданне Insider апублікавала расследаванне, у якім расказваецца, як сотні тысяч расійскіх школьнікаў сталі часткай вялікай ваеннай сістэмы, якая працуе пад патранажам Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі. І замаскіравана гэта ўсё пад навучальныя гурткі, навуковыя конкурсы — каб фармальна не было да чаго дачапіцца. Але ўсе (ці амаль усе) удзельнікі добра разумеюць сапраўдныя мэты гэтых мерапрыемстваў.
Так, у расследаванні расказваецца пра «кіберфізічную прастору “Бярлога”», якая паўстала пасля поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну ў 2022 годзе. Блаславёная асабіста Пуціным, менавіта яна стала асноўным інструментам падрыхтоўкі і, галоўнае, адбору таленавітых расійскіх дзяцей для далейшых этапаў ангажавання ў крывавую справу.
На гэтай платформе школьнікі ў гульнявой форме ствараюць дроны — нібыта для бяскрыўдных мэт («абароны разумных мядзведзяў ад пчол»), але на практыцы рыхтуюцца да ваенных задач.
«Бярлога» — гэта кропка ўваходу, тут адбываецца адбор дзяцей з добрымі здольнасцямі да кіравання дронамі, а яна, у сваю чаргу, уваходзіць у экасістэму іншых праектаў, якія ўжо наўпрост займаюцца выпрабаваннем самых сапраўдных ваенных дронаў.
За ўдзел у платформе дзеці атрымліваюць да 10 дадатковых балаў да адзінага дзяржаўнага экзамену і шанец на стажыроўкі. Усе поспехі дзяцей адзначаюцца на яшчэ адной платформе — «Талент», толькі за 2025 год там сабрана больш за 1 мільён дасягненняў, а пераможцамі і прызёрамі адзначаныя 10 тысяч школьнікаў.
Пасля самыя «таленавітыя» трапляюць на чарговы этап: іх прыцягваюць да навуковых спаборніцтваў пад назвай «Вялікія выклікі» («Большие вызовы»), арганізаваных цэнтрам «Сірыус» пад кіраўніцтвам набліжанай да Пуціна Алены Шмялёвай. Хаця заданні афармляюцца досыць бяскрыўдна, на справе яны датычаць вайсковых тэхналогій — дронаў, лагістыкі і касмічных сістэм. У 2025 годзе на гэтыя спаборніцтвы была пададзена рэкордная колькасць заявак з краін СНД — 16,5 тысячы.
Фіналісты прызнаюцца: ім забараняюць публічна гаварыць пра ваеннае прызначэнне сваіх распрацовак. Некаторыя рабілі дроны-камікадзэ, іншыя правяралі сістэмы радыёэлектроннай барацьбы або навучалі салдат — і ўсё гэта дзеці ў 13 гадоў.
У той жа час самі ўдзельнікі адзначаюць, што ўсе навуковыя кіраўнікі гэтых конкурсаў цудоўна разумеюць двайное прызначэнне заданняў, якія даюцца на гэтых конкурсах дзецям. Так, адно з заданняў было распрацаваць праект «Дастаўка вады ў цяжкадаступныя месцы» з дапамогай дрона. Ну а тое, што бутэлька з вадой вельмі нагадвае сапраўдны снарад і працэс «дастаўкі» для іх ідэнтычны, зазначылі і самі ўдзельнікі.
Удзел дзяцей не абмяжоўваецца конкурсамі. Ім прапануюць кантракты з абароннымі прадпрыемствамі і працу ў «ваенных лабараторыях» з аплатай і гібкім графікам. Афіцыйна праекты называюць цывільнымі, але тэхналогіі выкарыстоўваюцца арміяй.
Платформа «Бярлога» таксама супрацоўнічае з ваенна-патрыятычнай гульнёй «Зарніца 2.0», падчас якой дзеці вучацца страляць, збіраць аўтаматы і кіраваць беспілотнікамі. «Бярлога» распрацавала для гульні анлайн-курс «Акадэмія дронаў», які ўжо прайшлі больш за 240 тысяч школьнікаў — то-бок 240 тысяч патэнцыйных аператараў дронаў, якія ў патрэбны час могуць апынуцца на лініі фронту.
Усё гэта адбываецца пад патранажам федэральных уладаў. Уладзімір Пуцін асабіста зацвердзіў «Бярлогу» і ініцыяваў штогадовыя дзіцячыя спаборніцтвы дронаў для дзяцей з 7 гадоў. Чыноўнікі абмяркоўваюць магчымасць увядзення ваенна-ўліковых спецыяльнасцяў для аператараў беспілотнікаў. Паводле Міністэрства навукі і вышэйшай адукацыі РФ, тэхніка падвойнага прызначэння дазваляе рыхтаваць кадры для цывільных і вайсковых задач адначасова.
Такім чынам, у Расіі на шырокую нагу пастаўлена сістэма ранняй падрыхтоўкі дзяцей да працы ў ваенна-прамысловым комплексе, і ўсё гэта з удзелам дзяржструктур, велізарным бюджэтам і сотнямі тысяч непаўналетніх.
Дзеці-«забойцы»
І па вялікім рахунку пацвярджэнняў таму, што расійскія дзеці наўпрост уцягнутыя ў вайну, нямала. 21 ліпеня тэлеканал Мінабароны РФ «Звязда» з гонарам расказваў пра школьнікаў, якія працуюць на заводзе па вытворчасці дронаў тыпу «Шахед» у Татарстане.
У відэасюжэце сцвярджалася, што беспілотнікі вырабляюцца тысячамі і што ў гэтым бяруць удзел студэнты мясцовага каледжа «Алабуга Політэх» і дзевяцікласнікі.
У 2023 годзе расследавальнікі даведаліся, што ў гэтым каледжы падлеткаў масава прыцягваюць да зборкі «Шахедаў» і караюць за спробы пазбегнуць гэтага. Прычым зборка дронаў там вядзецца кругласутачна, без перапынкаў на сон і ежу, у выпадку адмовы навучэнцам пагражае адлічэнне з каледжа.
Улетку 2024-га ў Татарстане спрабавалі нават прыняць адпаведны закон, які б дазваляў прыцягваць падлеткаў да працы на абаронных прадпрыемствах. Пакуль, на шчасце, ідэю гэтую прасунуць не ўдалося. Але ж пачатак пакладзены, трэба трошкі пачакаць, — і «Радзіма-маць» пакліча.
Беларускі напрамак
І можна было б хіба павохкаць і пакачаць галавой — ай-яй-яй... бедныя расійскія дзеці, — калі б не... Саюзная дзяржава. Таму беларускіх дзяцей — нашых з вамі дзяцей — гэта таксама датычыцца, прычым нават больш, чым вы думаеце.
Па-першае, яшчэ ў 2023 годзе ў рамках Еўрапейскага кангрэсу кіраўнічка цэнтра «Сірыус» Алена Шмялёва (тая самая, што з'яўляецца арганізатаркай спаборніцтваў «Вялікія выклікі») выступіла з ініцыятывай стварыць сумесныя адукацыйныя цэнтры ў ЕАЭС — дзеля таго каб «гарманізаваць як навукова-тэхналагічныя праграмы, так і праграмы агульнай і дадатковай адукацыі па тэхнічных і гуманітарных прадметах».
І вось ужо праз месяц пасля заявы Шмялёвай беларускія дзеці ўпершыню ўзялі ўдзел у «Вялікіх выкліках», якія праходзілі на тэрыторыі «Сірыуса». Ну а чым займаюцца дзеці падчас гэтых спаборніцтваў, добра расказалі ў расследаванні «Insider».
Па-другое, услед за Расіяй, дзе яшчэ летась запусцілі адукацыйныя праграмы па распрацоўцы, вытворчасці і эксплуатацыі беспілотных авіяцыйных сістэм, у Беларусі з пачатку новага навучальнага года будуць таксама вучыць кіраванню дронамі вучняў 8–9-х класаў — адпаведны факультатыў адкрыецца, каб «спрыяць папулярызацыі інжынерных прафесій і прыцягненню школьнікаў да тэхнічнай творчасці».
Ці будзе там такая ж «творчасць», як у расійскіх конкурсах са скідваннем «бутэлькі», не паведамляецца, але ж вы зразумелі: Шмялёва кажа, што трэба «гарманізаваць» праграмы.
Па-трэцяе, можна толькі здагадвацца, чаму вучаць дзяцей у ваенна-патрыятычных клубах, якія ў апошнія гады растуць як грыбы пасля дажджу (у адным толькі Мінску іх 56, а агулам у такіх клубах — да двух з паловай тысяч беларускіх дзяцей).
Хаця чаго там здагадвацца? Ёсць канкрэтныя факты той самай праграмы. Напрыклад, у 2023 годзе камандуючы ўнутранымі войскамі генерал Мікалай Карпянкоў прыцягнуў на сустрэчу з дзецьмі ваенна-патрыятычнага клуба «Рысь» вагнераўца, які ваяваў ва Украіне. Ці застаюцца ў вас пытанні, чаму ён мог вучыць школьнікаў?
Ну і нарэшце, расейская ваенная машына можа апрацоўваць вашых дзяцей нават без вашага ведама, на аддаленні. Мы не здарма звярталі ўвагу на платформу «Бярлога», на якой дзеці могуць віртуальна кіраваць дронамі. Бо такіх платформаў ці кампутарных гульняў можа быць вельмі шмат — пад рознымі соўсамі яны могуць гадаваць з вашага сына ці дачкі «салдата вялікай арміі-вызваліцельніцы».
Тут проста хочацца згадаць нядаўні факт, як у Расіі нацыяналізавалі кампанію «Леста» — распрацоўшчыка адной з найбольш вядомых вайсковых гульняў на прасторах СНД — «Мір танкаў». Вы лічыце, што расійскай дзяржаве яна спатрэбілася дзеля таго, каб завалодаць ейным капіталам? Ну, нібыта так, капіталізацыю «Лесты» ацэньваюць у 135 млрд расійскіх рублёў. Грошы, у прынцыпе, немалыя, але гэта ўсяго 0,4% ад гадавога даходу расійскага бюджэту — кропля ў моры.
А вось што можа быць больш каштоўным для расійскай улады, дык гэта іншы капітал — аўдыторыя гульняў «Лесты», якая складае больш за 80 мільёнаў гульцоў (у тым ліку і з Беларусі).
Глядзіце: 80 мільёнаў чалавек (пераважна мужчын), якім блізкая ваенная тэматыка, і праз гульню ім можна даносіць «правільную» камунікацыю пра мэты СВА і «недабітых нацыстаў». Больш за тое, сярод гэтых 80 мільёнаў ёсць велізарная маса прыхільнікаў папулярнай гульні «Мір танкаў», якія выдатна разбіраюцца ў мадэлях танкаў, нюансах іх працы, здольнасцях паражаць цэль, прабіваць браню праціўніка, у стратэгіі іх паводзінаў на полі бою.
А што, калі цяпер узяць гэтую гульню пад кантроль, зрабіць яе месцам адбору найбольш таленавітых і ангажаваць і іх, як дзяцей з платформы «Бярлога», для сваіх людажэрных мэтаў? Для расійскага рэжыму можа гучаць як план. Але хацелася б памыляцца.









