Мова-шыльда, мова-сувенір
Чаму беларуская мова ў сучаснай Беларусі — як саламяныя жураўлі ці капелюшы на прылаўках турыстычных крам. Сувенір, які можна паказаць гасцям, але карыстацца самім як быццам не з рукі.
Мова, «прыватызаваная» апазіцыяй
Тэму для разважанняў падкінуў беларускі міністр інфармацыі. Нядаўна ў яго спыталіся, ці не лічыць ён, што дзяржаве варта ўкласціся ў стварэнне кантэнту для дзяцей, прычым на беларускай мове, якую «дзяржава чамусьці дазволіла «прыватызаваць» апазіцыі». На што міністр адказаў фактычна наступнае: над стварэннем кантэнту ўжо думаем, нават спецыяльны ўказ Лукашэнкі на гэта маецца (апошнім часам улады актыўна ўзяліся за ідэалагічную апрацоўку дзяцей усіх узростаў — таму, упэўненыя, над стварэннем такога кантэнту ўжо актыўна думаюць). Але вось каб рабіць гэта на беларускай мове...
Адпусціўшы праграмную абразу на адрас «апазіцыі», ён выдаў цікавы пасаж: маўляў, фактам з’яўляецца тое, што паводле апошняга перапісу насельніцтва больш за палову грамадзян назвалі менавіта беларускую мову роднай, але пры гэтым размаўляюць на ёй менш за чвэрць. А пасля дадаў: «Мы вельмі талерантныя і ў гэтым пытанні. І гэта нармальна. Як нармальна і тое, што трэба папулярызаваць беларускую мову, не прыцясняючы ўсе астатнія моўныя групы. Прыклады як пачатку 90-х у нас, так і наступных гадоў на Украіне — паказальныя, каб іх пазбегнуць. Трэба спачатку думаць», — кажа міністр.
І трэба меркаваць, міністр сапраўды падумаў, перш чым даць адказ. Бо з адказу гэтага вынікае, што калі ў Беларусі па-беларуску размаўляе толькі чвэрць насельніцтва, то і ствараць кантэнт па-беларуску для іх немэтазгодна.
Міністр кажа, што папулярызаваць беларускую мову трэба, не прыцясняючы іншыя моўныя групы. Трэба разумець, да такіх моўных груп ён адносіць польскую, украінскую, іўрыт, якія ўжываюцца ў нашай краіне прадстаўнікамі нацыянальных меншасцяў? Але моцна сумняваемся, што ўлады, пазакрываўшы польскамоўныя школы і курсы, на іх базе адкрылі беларускія. Ці, можа быць, гаворка вядзецца пра тое, што ў Беларусі так папулярызуюць беларускую мову, што ад гэтага прыцясняецца руская мова? Але лічбы кажуць іншае: за дзесяць гадоў (з 2014-га па 2024-ы) колькасць навучэнцаў, якія атрымліваюць адукацыю на беларускай мове, скарацілася на 34,4 %, а на рускай — павялічылася на 22,6 %.
І тут да міністра міжволі ўзнікае пытанне: калі стварэнне беларускамоўнага кантэнту для дзяцей, на ягоную думку, не патрэбнае, то што тады ў дзяржаўныком разуменні абазначае «папулярызацыя» беларускай мовы? Не сумняваемся, канечне, што ў міністра ёсць напагатове лічбы, якія ён абавязкова нам бы прывёў, — у міністэрствах яны, як правіла, выражаюцца ў колькасці праведзеных мерапрыемстваў — напрыклад, прысвечаных Дню роднай мовы, ці Дню беларускага пісьменства, ці яшчэ якому-небудзь дню...
Той, хто бываў на такіх мерапрыемствах, пагодзіцца: узровень афіцыёзу на іх звычайна зашкальвае. На месцах гэта найчасцей выглядае так: у раённай бібліятэцы выстаўляюцца на палічку кнігі беларускіх аўтараў, у лепшым выпадку аднаго з аўтараў могуць запрасіць персанальна, і наганяюць туды школьнікаў замест заняткаў па беларускай мове ці літаратуры. Пасля даецца караценькая справаздача ў мясцовай раёнцы (прытым часта на рускай мове) — і гатова — плюс адна лічба ў справаздачах у мясцовых начальнікаў і ў фінальнай справаздачы ў міністра.
На рэспубліканскім узроўні можа быць крыху больш помпы: на Дзень беларускага пісьменства згоняць ужо прадстаўнікоў БРСМ, паставяць прамаўляць чыноўнікаў пра «захаванне спадчыны», «мову як традыцыйную каштоўнасць» і яе «папулярызацю», нагоняць піянераў са сцяжкамі.
За год на паперы такіх мерапрыемстваў, напэўна, назбіраецца шмат — усё ж справаздачыцца трэба ўсім — ад шараговага чыноўніка да самога міністра. На практыцы ж усе мы разумеем, што пасля такой папулярызацыі шанцаў у беларускай мовы стаць больш папулярнай — нуль. Але па вялікім рахунку і задачы такой не ставілася.
Ад «калхознікаў» да «бэчэбэшнікаў»
Больш за тое, відавочна, што ў сучаснай Беларусі ні на якім узроўні не зацікаўленыя ў тым, каб беларуская мова станавілася папулярнай, жывой. Бо ўсё беларускае на сённяшні дзень унутры краіны мае «лёгкі налёт экстрэмізму». Яго добра адчулі сілавікі: затрымай беларускамоўнага — і, хутчэй за ўсё, пры праверцы ягонага тэлефона знойдзеш спасылачку на экстрэмісцкі рэсурс (бо толькі такія рэсурсы сёння пішуць на беларускай мове ды пра пытанні беларускай мовы), пры ператрусе ў кватэры — хутчэй за ўсё, адшукаеш сцяжок за шафай ці «Пагоню» на халадзільніку. Беларуская мова з вуснаў беларуса на вуліцы — як маркер. І не трэба думаць, што так сталася апошнім часам, так было цягам ужо доўгіх-доўгіх гадоў.
Тыя, хто пачынаў размаўляць па-беларуску ў 1980-я, напэўна, чулі ў свой бок абразы ад суайчыннікаў (часта выхадцаў з аднае вёскі) — «калхознік», бліжэй да сярэдзіны 90-х – ужо «бээнэфавец», у 2000-я хутчэй ужо казалі «апазіцыянер»… Толькі з часам гэта крыху размылася, але ўсё адно, звяртаючыся да міліцыянера на вуліцы, людзі пераходзілі на рускую — ад граху далей. І вось ужо пасля 2020-га прыляпілася гэтае зняважлівае «бэчэбэшнік». А на сённяшні дзень «бэчэбэшнік» — гэта куды горш, чым «бээнэфавец», «апазіцыянер» і «калхознік», разам узятыя. За гэта можна цалкам рэальна паехаць на суткі, а то і на гады.
Ну а ўжо тыя, хто трапіў у беларускія калоніі і спрабаваў карыстацца беларускай мовай у зняволенні, не аднойчы расказвалі, што мова станавілася прычынай зачэпак з боку адміністрацыі, пасадак у ШІЗА — словам, чарговых выпрабаванняў. Як там, спадар міністр, ці праводзіце вы папулярызацыю беларускай мовы сярод вертухаяў у калоніях?
Мова для статыстыкі
І справа якраз у тым, што па-іншаму сёння быць не можа. Для таго, каб не рабіць нічога больш канкрэтнага за папулярызацыю на паперы, ёсць універсальная адмазка: «Прыклады пачатку 90-х у нас, так і апошніх гадоў ва Украіне — паказальныя, каб іх пазбегнуць». Гэтую адмазку вы сустрэнеце яшчэ шмат у якіх інтэрпрэтацыях — ад самых розных чыноўнікаў да бабы Валі, якая, седзячы на лаўцы пад мінскай панэлькай, будзе размаўляць з вамі з чысцюткім беларускім вымаўленнем на ламанай рускай мове.
Падобная сітуацыя зручная для дзяржавы, бо на паперах у іх усё функцыянуе: кніжкі выдаюцца, святы пісьменства праводзяцца, беларускамоўныя школы ёсць (і не важна, што іх засталося толькі 10% ад агульнай колькасці — і тыя на вёсках). Але беларускамоўных дзяцей з тых беларускамоўных школ не прыбавіцца, наадварот, пры паступленні ў ВНУ яны будуць мець вялікія праблемы, бо ў Беларусі няма ніводнай вышэйшай навучальнай установы, дзе б выкладанне вялося па-беларуску, то-бок дзецям з гэтых школ трэба будзе перавучваць усю тэрміналогію наноў. А калі яны не будуць паступаць у ВНУ, то пойдуць на працу, дзе ім з вялікай верагоднасцю скажуць «гаварыць как усе».
Для дзяржавы сёння не выгадна, каб беларуская мова знаходзілася ў жывым стане — гэта значыць выконвала сваю асноўную, камунікатыўную функцыю паміж грамадзянамі, гучала ў крамах, лякарнях, у вышэйшых установах, у школах. Бо, як ужо было сказана вышэй, ад гэтых беларускамоўных у вачах дзяржаўнай сістэмы сёння толькі адны праблемы…
Вось і застаецца для іх зручнай беларуская мова толькі як мова-музей (з выстаўленымі ў адзін рад падручнікамі і кніжкамі), мова-сувенір (з выступленнямі на сцэне дзяржаўных фальклорных калектываў) ды мова-шыльда (з назвамі дзяржаўных устаноў ды пакуль яшчэ назвамі вуліц). Такая вось мова для лічбаў статыстыкі на паперках чыноўнікаў.







