Блогеры на службе ў дзяржавы: якія меркаванні распаўсюджваюць лідары меркаванняў у Беларусі?
Ужо ні для каго не сакрэт, што беларускія ўлады сур’ёзна ўзяліся за блогераў ды публічных асоб, якія жывуць унутры краіны і актыўна вядуць сацыяльныя сеткі.
Тыя, хто расказваў пра вечарынкі ды бургеры, адначасова пачалі выказвацца на тэмы «надзвычайнай дзяржаўнай важнасці». І такіх выказванняў будзе ўсё больш і больш – і вось чаму...
Будзеце казаць тое, што трэба...
Асабліва яскрава «трэнд» абазначыўся падчас прэзідэнцкіх выбараў 2025 года: тады, як па камандзе, некаторыя блогеры-мільённікі адрапартавалі, што схадзілі на выбары і, вядома ж, заклікалі прыйсці і выканаць свой грамадзянскі абавязак сваіх падпісантаў.
Сярод кантэнту пра чэленджы, ружовыя шавермы і смузі-капучына пачалі мільгаць пасты «патрыятычнага» кшталту. Найбольш выразна гэта прагучала ад такіх блогераў, як Улька Пулька (Ульяна Сталярова), Анджыліша (Ангеліна Міхалёва), Дзім Дзімыч (Дзмітрый Сіўчык), Улад Кабякоў, Koko.by (Павел Крамар) і некаторых іншых.
Новыя правілы гульні былі сфармуляваны вельмі празрыста: хочаце называцца блогерамі — вось вам сцэнар для некаторых праграмных выступленняў.
А знайсці рычаг на кожнага, каб крыху разбавіць ванільны кантэнт «сур’ёзнымі» тэмамі, было не складана.
Улад Кабякоў «меў неасцярожнасць» быць прыкмечаным у 2020-м на адным з мітынгаў, таму, каб крыху адбяліць рэпутацыю, у 2022-м вымушаны быў збіраць рэчы і фінансавую дапамогу для адпраўкі на акупаваныя ўкраінскія тэрыторыі. Што паказальна, пасля гэтага ён выправіўся з гастролямі па гарадах Расіі і даехаў нават да акупаванага Крыма.
Блогер Дзім Дзімыч, стаўшы бяльмом на воку ў прафесійнай даносчыцы Вольгі Бондаравай з-за таго, што здаваўся ёй распаўсюджвальнікам ЛГБТ-ідэй, быў вымушаны ісці на паклон у перадачу да Рыгора Азаронка і расказваць пра павагу да традыцыйных каштоўнасцяў. Але і гэтага было мала: Дзмітрый павыдаляў некаторыя публікацыі і агулам змяніў імідж з хлопчыка ў ружовым на зожніка, прасякнутага патрыятычнымі ідэямі.
Свае падыходы былі знойдзеныя і да Улькі Пулькі ды Анджылішы – ужо ўвосень 2024-га яны мільгалі ў «Марафоне адзінства», падчас праўладных перадвыбарчых канцэртаў і крычалі: «Надо!», – «угаворваючы» Лукашэнку схадзіць на чарговы тэрмін прэзідэнцтва.
Былі і іншыя блогеры, якія «аступіліся» падчас 2020-га... Але, заўважым, іх не «зачынілі» і не «ліквідавалі», як гэта было з незалежнымі медыя. Некаторых, як Ганну Бонд, прафілактычна патрымалі на сутках, але большасць працягнула сваю актыўнасць без асаблівай «жэсці».
І дзіўнага тут нічога няма, бо схема для ўлад сапраўды зручная: ахоп аўдыторыі толькі на YouTube у тых жа Дзім Дзімыча, Улада Кабякова, Анджылішы і Улькі Пулькі — 17 мільёнаў чалавек.
Беларускім прапагандысцкім медыя такое і не снілася, пагатоў не марылі яны мець такі ахоп моладзевай аўдыторыі. А так транслюеш месэдж – і ён адразу трапляе да тых, чыёй увагі так старанна і пакуль не асабліва паспяхова дамагаюцца ўлады ў апошнія гады.
Кастынг блогераў
І дзяржава пачала працу з блогерамі. Пачала так, як умее, – прычым яшчэ задоўга да апошніх выбараў: у верасні 2024 года быў арганізаваны першы форум блогераў «БлогБай», на які сабралі каля 150 удзельнікаў – з Беларусі, Расіі і Латвіі, – агульная аўдыторыя якіх складала больш за 25 мільёнаў падпісантаў.
Паводле журналістаў «Бюро», тое мерапрыемства магло стаць своеасаблівым кастынгам для тых, хто пасля браў актыўны ўдзел у «Марафонах адзінства».
Міністр інфармацыі Марат Маркаў тады адзначыў: «Я вельмі хачу, каб тым, хто ўдзельнічае ў гэтым форуме, настолькі спадабалася, каб яны сказалі: “Міністэрства, зрабіце гэта і другі раз!”».
І сапраўды, некаторым, відавочна, мерапрыемства «спадабалася». Ужо пасля яго па гарадах Беларусі пакаціўся агітацыйны «Марафон адзінства», у якім бралі актыўны ўдзел як ужо згаданыя вышэй Улад Кабякоў і кампанія, так і блогеры меншага калібру, але са сваёй аўдыторыяй у абласцях і раёнах. Як, напрыклад, гамяльчанка Кацярына Пшэнцава ці барысаўчанка Кацярына Залынская.
Дакладна невядома, ці папрасілі ўдзельнікі першага форуму «зрабіць другі раз», але ў верасні 2025-га «БлогБай» правялі зноў. Прычым са слоганам, пазычаным у героя фільма «Брат»: «Сіла ў праўдзе». Гэтым разам, праўда, колькасць удзельнікаў была меншай — усяго 100 чалавек.
Але іх чакала насычаная трохдзённая праграма, адной з фішак якой былі ваенныя забавы: блогеры жылі ў казарме і ў намётавым гарадку, елі салдацкую кашу, стралялі з аўтаматаў і глядзелі, як страляюць танкі. Словам, патрапілі на стандартны набор атракцый, якія сёння існуюць у Беларусі. Не іначай, цяпер і блогераў рыхтуюць да ваенна-палявых умоў працы.
Такім чынам, ужо сёння мы назіраем «сімбіёз» паміж прадстаўнікамі беларускай блогасферы і дзяржаўнымі арганізацыямі. Не выключана, што ў хуткім часе адбудзецца і пэўная «спецыялізацыя» блогераў і замацаванне за тымі ці іншымі дзяржаўнымі ведамствамі. Так, напрыклад, вядомы фуд-блогер Koko.by старанна расказвае пра розныя ініцыятывы МУС і выступае дадатковым рупарам міліцэйскіх паведамленняў. Не выключана, што неўзабаве нам пакажуць і іншыя «калабарацыі».
Факт застаецца фактам: калі ў Беларусі ты хочаш рабіць свой кантэнт, то вось тады табе яшчэ чырвона-зялёны сцяг у рукі і барабан на шыю. І будзь гатовы па патрабаванні актыўна гэтым сцягам махаць і гучна біць у барабан. Ды каб ніякай самадзейнасці!
Трэба пракрычаць на ўсю краіну, што піць каву на запраўках гэта кепска, – давай, блогер, дружна, у такт! Трэба выйсці на суботнік – пакажы, блогер, на ўласным прыкладзе, даставай чырвона-зялёны сцяг!
«Ачышчэнне» Крымам і Данбасам
Калі ж у блогераў і артыстаў з’яўляецца жаданне адкрываць новыя гарызонты, то расце і цана, за якую гэтае можна зрабіць. Адны, ужо маючы немалую аўдыторыю, просяць парады ў самога Пуціна, каб той падказаў ім, што яны павінны расказваць моладзі, а што не. Так, напрыклад, зрабіў блогер з Беларусі Улад Бумага, які толькі ў YouTube мае 90 мільёнаў падпісантаў. У снежні 2024 года ён пабываў на прэс-канферэнцыі з кіраўніком Крамля, дзе пытаўся парад у таго пра «ідэі і сэнсы».
Іншыя, падобна, самі ўлоўліваюць, як працуе схема. І гатовыя плаціць выстаўленую таксу. Так, у кастрычніку гэтага года саліст гурта «Без Білета» Віталь Артыст нечакана з’явіўся ў Крыме, адкуль запісаў ролік з развагамі пра тое, «чаму паміж Крымам і Мадэйрай я павінен выбіраць Мадэйру?».
На што так і хочацца адказаць: не, Віталь, ты робіш выбар не проста паміж двума кропкамі на карце, ты выбіраеш паміж вайной і мірам, паміж злом і дабром. І наўрад ці Віталік не разумее гэтага — ва ўсякім разе хочацца верыць, што ўключэнне ягонага прозвішча ва ўкраінскую базу «Міратворац» сярод тых падтрымальнікаў расійскай агрэсіі гэтаму разуменню паспрыяла.
Следам за «крымскім відэа» мы, вядома ж, убачылі вясёлыя пасты і сторызы ад Віталіка пра будучыя канцэрты «Без Білета» ў Маскве, пасля чаго становіцца зразумела, што паездка ў Крым была хіба своеасаблівай платай, якую артыст у выніку заплаціў.
І, на жаль, схема гэтая паказала сваю жыццяздольнасць: трэба атрымаць нейкія прэферэнцыі ці, наадварот, «замаліць грахі» – ласкава просім у Крым ці Данбас. Так, спявачка Мэйбі Бэйбі (беларуска Вікторыя Лысюк) пасля таго, як трапіла ў спіс непажаданых артыстак у Расіі на глебе канфлікту з Інстасамкай, хутка зразумела, што без «ахвярапрынашэння» не атрымаецца. Бо з-за абвінавачанняў у прапагандзе ЛГБТ пад пагрозай адмены апынуўся ейны тур па 32 расійскіх гарадах. І вось ужо мы бачым, як Лысюк разам з лідарам расійскай ЛДПР адпраўляе гуманітарную дапамогу ў зону баявых дзеянняў ва Украіне.
Такія правілы...
Такія дзяржаўна-блогерскія калабарацыі пакуль знаходзяцца ў пачатковай стадыі: улады прыглядаюцца да блогераў і спрабуюць зразумець, як выкарыстоўваць іх па максімуму ў сваіх мэтах. Лідары меркаванняў нязграбна спрабуюць выдаваць спушчаныя зверху праўладныя наратывы за ўласныя меркаванні.
Але, падобна, правілы гэтай гульні становяцца ўсё больш і больш жорсткімі: калі дзяржава скажа «Надо!», лідарам меркаванняў трэба будзе пакінуць у баку свае салодкія аповеды пра латэ-капучына і падрыхтавацца не толькі бадзёра заклікаць усіх на выбары, але і гучна крычаць «Слава СВО!» ці «Мікалай — наш прэзідэнт!».







