Гульня ў хованкі: што ўлады ўтойваюць ад беларусаў?
Беларускія ўлады заўсёды прапаноўвалі беларусам кіравацца простым прынцыпам: чым меней ведаеш, тым лепей спіш. А ў апошнія гады гэты прынцып пачаў даводзіцца да абсалюту.
І верагодна, яны не аднойчы пашкадавалі, што гэтая мудрасць не была запісана ў Канстытуцыі замест адарванай ад рэальнага жыцця фразы:
Грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на атрыманне, захоўванне і распаўсюджванне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі аб дзейнасці дзяржаўных органаў
Артыкул 34 Канстытуцыі РБ
Сапраўды, кіруючыся такім законам было б вельмі зручна працаваць з насельніцтвам і тлумачыць яму шматлікія рэаліі беларускага жыцця.
Напрыклад, упаў вось у цэнтры Хойнікаў расійскі беспілотнік, як гэта адбылося 9 лютага. Ды так, што ледзь не патрапіў у будынак школы.

Насельніцтва збянтэжанае, задае пытанні: «А што гэта такое? А скуль яно ўзялося? А што было б, калі б упала на нас? А можна як-небудзь, каб такога больш над намі не лётала? А гэта з-за вайны ва Украіне?».
А ты ім, як улада, бярош і тыкаеш на ўсе іхныя пытанні ў «букву» Асноўнага закона. І ўсё, размовы скончаныя. А будуць абурацца — выклікаеш АМАП за парушэнне заканадаўства.
А так прыходзіцца ісці на выдумкі і выдаваць рознага кшталту інструкцыі і пастановы, з дапамогай якіх самім сабе дазваляць не расказваць нічога насельніцтву і тым самым парушаць Канстытуцыю.
Так, напрыклад, у сакавіку 2023 года зрабіў Белстат, які ўласнай пастановай дазволіў сабе не раскрываць пэўную статыстычную інфармацыю, калі яе распаўсюджанне можа нанесці шкоду нацыянальнай бяспецы Беларусі, а таксама «грамадскаму парадку, маральнасці, правам і законным інтарэсам юрыдычных і фізічных асоб».
Тут, канечне, Белстат не вынайшаў ровара, а папросту заканадаўча замацаваў практыку некалькіх апошніх гадоў, якая існавала не толькі ў гэтым беларускім ведамстве, але і ў многіх іншых.
Што прыходзіцца хаваць?
А насамрэч многае! І выходзіць, куды ні кінь — усюды інфармацыя, якая можа нашкодзіць нацыянальнай бяспецы, грамадскаму парадку ды маральнасці.
Ну вось глядзіце: калі не публікаваць дадзеныя пра рэальныя пенсіі, як Белстат у пачатку 2024 года, то ўмоўная Іванаўна не даведаецца пра тое, што ва ўмоўнай Францаўны пенсія ў два разы большая, і не пачне ствараць сацыяльны канфлікт на гэтай глебе. Атрымліваецца абаранілі грамадскі парадак?
Калі засакрэціць дадзеныя пра адток айцішнікаў з краіны, то Беларусь па-ранейшаму будзе лічыцца асяродкам IT-індустрыі ў Еўропе. Хаця, зыходзячы з дадзеных, якія ўдалося знайсці «Кіберпартызанам», атрымліваецца, што толькі з 2021 да 2024 года гэтая галіна страціла больш за 18,5 тысячы спецыялістаў, а 15 тысячаў IT-працаўнікоў наогул пакінулі Беларусь. Засакрэціўшы гэтыя звесткі, чыноўнікі мяркуюць, што такім чынам ратуюць нацыянальную бяспеку?
Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва перастаў публікаваць дадзеныя аб памеры запазычанасці прадпрыемстваў па страхавых узносах, абмяжоўваючыся толькі агульнай сумай і спісам даўжнікоў. Але адсутнасць такой інфармацыі ўскладняе разуменне рэальнага фінансавага стану кампаній, а нявыплата ўнёскаў за працаўнікоў можа прывесці да страты імі працоўнага стажу, што ў будучыні адаб’ецца на іх пенсіях. А тут што, чыноўнікі стаяць на абароне маральнасці, калі замоўчваюць такое?
А калі схаваць звесткі пра сярэднюю працягласць жыцця і смяротнасць, то ніхто не даведаецца, што ад каранавірусу ў краіне цягам 2020-2022 гадоў загінулі больш за 90 тысячаў чалавек. А тады можна будзе спакойна выдаваць радасныя прамовы пра тое, як Аляксандр Лукашэнка меў рацыю, калі не паддаўся на гэты «каронапсіхоз». Гэта, хочацца спытаць, было ўсё дзеля чаго: усё яшчэ дзеля абароны маральнасці ці ўжо нацыянальных інтарэсаў?
І ў такую гульню ў хованкі апошнім часам на поўную катушку ўключыліся многія ведамствы:
Нацбанк перастаў размяшчаць на сваім сайце дадзеныя пра кіраўнікоў камерцыйных і дзяржаўных банкаў, бо так нельга адсачыць аператыўна інфармацыю пра зняцце і затрыманне «тлустых катоў».
Дзяржаўны мытны камітэт перастаў выдаваць звесткі мытнай статыстыкі знешняга гандлю.
Мінфін з 2022 года спыніў публікацыю справаздач аб выкананні дзяржбюджэту і нават выдаліў ужо апублікаваныя дадзеныя за папярэднія месяцы 2021 года.
Белстат вырашыў не паведамляць звесткі аб таваразвароце Беларусі з асобнымі краінамі; схаваць дадзеныя па экспарце нафты, нафтапрадуктаў і калійных угнаенняў, якія трапілі пад санкцыі; перастаў расказваць пра сітуацыю з няпоўнай занятасцю ў краіне, уключна з прастоямі і адпачынкамі за свой кошт; публікаваць сярэдні памер дапамогі па беспрацоўі ў Беларусі.
Усё ў парадку — ідзіце спаць
Гульня ў хованкі зацягвае: і паступова, пераходзячы ад утойвання нявінных статыстычных лічбаў, чыноўнікі вырашаюць, што не справа беларусаў ведаць і іншыя рэчы — датычныя, скажам, іхняй персанальнай бяспекі. Дзяржаўныя СМІ ў гэтым — сапраўдныя майстры.
Тут характэрны нядаўні прыклад пашкоджання саркафагу над чацвёртым блокам Чарнобыльскай АЭС.
Праўладнае інфармагенцтва БелТА ўсё ж напісала пра гэты «інцыдэнт», але змаўчала пра адзін невялікі нюанс: што разбурэнні саркафагу і пажар на ім адбыліся ў выніку прамой атакі расійскага беспілотніка.
Нібыта і няма вайны побач, нібыта твой найбліжэйшы саюзнік не наносіць разбурэнні па атамнай станцыі, ад якой у свой час пацярпелі мільёны беларусаў…
Тут дарэчы будзе ўзгадаць, як пасля выбуху ЧАЭС у 1986 годзе савецкія ўлады таксама разгарнулі маштабную гульню ў хованкі, не расказваючы грамадзянам пра ўсю небяспеку аварыі. Да чаго гэта ў выніку прывяло — усе памятаюць.
І вось жа ізноў… калі над Гомелем чутныя гукі так званых «мапедаў» (так ва Украіне называюць расійскія дроны-камікадзэ «Shahed-136»), а пасля выбухі ад іх збіцця, то чыноўнікі Гомельскага аблвыканкаму імгненна пачынаюць тую самую гульню ў хованкі пад дэвізам «меней ведаеш — лепей спіш» і жадаюць беларусам добрай ночы:

Сапраўды, усё ж у парадку. Гасіце святло і ідзіце спаць.