Жыццё без «адлігі»: чаму не спыняюцца рэпрэсіі
Апошнім часам выхад з турмаў значнай колькасці палітвязняў дае спадзяванні калі не на «адлігу», то хаця б нейкае суцішэнне, затарможванне працэсу рэпрэсій. Вялікая надзея ўскладаецца на перамоўны трэк з амерыканцамі: можа, хаця б Трампу ўдасца паўплываць на Аляксандра Лукашэнку, каб ён не толькі выпусціў палітвязняў, але і перастаў набіраць новых. Нам таксама хацелася б верыць у такую магчымасць, але факты гавораць крыху пра іншае: спынення рэпрэсій на гарызонце пакуль не відаць.
Рэпрэсіі не заканчваюцца
Ніякі ўжо не сакрэт, што беларускі рэжым гандлюе лёсамі жывых людзей па простай схеме: пакуль адны выходзяць на волю праз галоўныя дзверы, іншых ціха заводзяць праз «чорны ўваход». Лічбы кажуць самі за сябе.
30 сакавіка Дональд Трамп самазадаволена напісаў у сваёй сацсетцы, што агульная колькасць вызваленых палітвязняў пачынаючы з траўня 2025 года перавысіла ўжо 500 чалавек. Прыгожая лічба, і, безумоўна, для ўсіх нас вялікая радасць, што гэтыя людзі апынуліся на волі.

Глядзім далей. Праваабарончы цэнтр «Вясна» станам на 1 траўня 2025 года фіксуе 1206 палітзняволеных у краіне — акурат у той дзень такі статус атрымалі 8 беларусаў. Цяпер ад гэтай лічбы аднімаем пяцьсот, пра якіх згадвае Трамп, — атрымліваецца, што за кратамі мусіла б застацца 706 чалавек. Але што мы бачым на сённяшні дзень? 7 красавіка 2026 года ў Беларусі налічваецца 922 палітзняволеных. Выходзіць, крыху менш чым за год амаль палову ад колькасці выпушчаных набралі зноў. Пры гэтым варта ўлічваць, што лічба 1206 таксама была не заўсёды пастаяннай — цягам года колькасць палітзняволеных неаднаразова перавышала 1250 чалавек. І варта не забываць пра некалькі хваляў «памілаванняў», а таксама пра тое, што некаторыя палітвязні выходзілі, так бы мовіць, «натуральным шляхам» — цалкам адбыўшы свае тэрміны.
Зрэшты гэтыя лічбы патрэбныя толькі для чарговага пацвярджэння: рэпрэсіі нікуды не знікаюць. За ўвесь 2025 год па палітычных справах было асуджана 1254 чалавекі — так, у параўнанні з папярэднім годам колькасць асуджаных зменшылася (у 2024-м агулам быў асуджаны за палітыку 1721 чалавек), але тэмпы ўсё адно ўражваюць.
Рэпрэсіі хаваюцца
Што ж, з лічбамі разабраліся: як бачна, пасля «памілаванняў» яны ненадоўга зніжаюцца, але праходзіць пэўны час, і ўсё вяртаецца «на свае месцы». А калі лічбы малююць не вельмі прыемную для рэжыму карціну, што з імі трэба рабіць? Правільна! І тут у справу ўключаецца звычайнае саўковае нутро. Натуральна, фальсіфікаваць, як на выбарах, яны гэтыя лічбы не могуць — у нас жа няма палітзняволеных! Таму пачынаюць іх хаваць, то-бок займацца звыклай для сябе справай.
Так, каб не павялічваць колькасць палітвязняў, улады ўжо даўно прэсуюць сваякоў людзей, асуджаных за палітыку, каб яны супраціўляліся прызнанню іхных блізкіх палітвязнямі. Выкарыстоўваецца аргумент, што так можна ім толькі нашкодзіць за кратамі: бо да «палітычных» асаблівае стаўленне ў турмах. І ў гэтым ёсць праўда: увесь свет ведае, якія пакуты цярпяць беларускія палітвязні за кратамі. Аднак у адказ на гэта праваабаронцы кажуць: статус палітзняволенага дае шанец, што чалавек, асуджаны па палітычных артыкулах, можа выйсці на волю раней заканчэння свайго тэрміну. Як бы там ні было, але вядома, што з 2020 года агульная колькасць асуджаных паводле палітычных справаў значна пераўзыходзіць колькасць людзей, якія атрымалі статус палітзняволеных.
Пазней сталі хаваць яшчэ і факты палітычных прысудаў: з восені 2024 года судовыя працэсы ўсё часцей робяцца закрытымі, а пастановы судоў не публікуюцца ў даступных анлайн-базах. А ў пачатку красавіка 2025-га журналісты незалежных медыя звярнулі ўвагу, што на сайце Вярхоўнага Суда перасталі публікавацца расклады пасяджэнняў: таму і даведацца, каго судзяць, па якіх артыкулах, колькі гадоў прысуджаюць, становіцца цяжэй. Глядзіш — і статыстыка палітзняволеных расце не такімі імклівымі тэмпамі.
Па дзіўным супадзенні гэта адбылося ўсяго за пару месяцаў да прыезду амерыканскай дэлегацыі да Лукашэнкі на чале з Кітам Келагам. Таму, падобна, «замятаць» сляды пачалі загадзя.

Рэпрэсіі набываюць новыя формы
Пасля пачатку перамоваў з прадстаўнікамі Белага дома нарэшце пачаўся працэс паступовага вызвалення палітвязняў. Рэжым Лукашэнкі ў абмен на чалавечыя лёсы атрымлівае зняцце санкцый: з «Белавіі», з калійнай галіны, з банкаў, Мінфіна. Здавалася б, ну адпусці ты людзей наўзамен, дай ім прыехаць дадому, абняць блізкіх, з якімі ўжо столькі гадоў не бачыліся. Ды дзе там: першай прыдумкай стала выгнанне «памілаваных» за межы краіны.
Некаторым заставалася сядзець лічаныя месяцы, і яны вельмі спадзяваліся, што пасля гэтага вернуцца дадому — як, напрыклад, журналістка Ларыса Шчыракова. Але ў рэжыму была свая праграма: нават пасля «памілавання» пазбавіць людзей радзімы. Тры хвалі «вызваленняў» прайшлі па гэтай схеме. Але амерыканцы, па ўсім відаць, адчулі сябе крыху ашуканымі: маўляў, мы ж «прадаём» гэта сваім выбарцам і міжнароднай супольнасці як вызваленне з беларускіх турмаў, а вы што ж такое робіце — з турмаў ды за межы краіны. Таму падчас апошняга вызвалення з 250 чалавек 235 былі пакінутыя ў Беларусі. Гэта, безумоўна, прагрэс. Ды ёсць нюанс.
У чарадзе «гуманітарных меркаванняў», якія заўсёды падчас вызваленняў падкрэслівае прэс-сакратарка Лукашэнкі Наталля Эйсмант, стала прысутнічаць яшчэ адно меркаванне, якое ўголас нідзе не агучвалася: у вызваленых палітвязняў мы будзем забіраць пашпарты. Пачаліся такія прыколы з верасня 2025-га, частцы вызваленых замест пашпартоў выдалі паперкі фармату А4 з фотаздымкам. У Мікалая Дзядка дык увогуле перад дэпартацыяй пашпарт парвалі.
З групай вызваленых у снежні гэтую працэдуру паўтарылі: верагодна, каб зрабіць працэс абжывання ў выгнанні яшчэ больш пакручастым.
І нарэшце чарговым крэатывам стаў крок па ануляванні пашпартоў тым, хто быў прымусова выкінуты за межы краіны і дзіўным чынам захаваў свой дакумент. З гэтым сутыкнулася частка тых, хто быў вызвалены ў верасні і снежні мінулага года — сярод іх, напрыклад, і нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі. Адсутнасць сапраўднага пашпарту створыць дадатковыя праблемы за мяжой, але, галоўнае, стане вельмі важнай перашкодай, калі раптам чалавек захоча вярнуцца ў Беларусь. Ну, а хочаш назад — тады «паўзі на каленях», як казаў Лукашэнка, у камісію па вяртанні. Такім чынам, рэжым працягвае чыніць рэпрэсіі ўжо ў дачыненні да тых, каго нібыта «памілаваў».

Ці праглынуць гэта амерыканцы? Многія мяркуюць, што як раз гэта і ёсць праверка: наколькі прадстаўнікі Трампа гатовыя «ўпісвацца» ў гэтую справу. Калі рэакцыі не будзе, мяркуюць праваабаронцы, то, цалкам верагодна, працэс можа атрымаць свой лагічны працяг і практыка анулявання пашпартоў можа распаўсюдзіцца на ўсіх «ворагаў» рэжыму, якія апынуліся за мяжой.
Ну а для тых, хто застаўся, улады таксама падрыхтавалі некалькі сюрпрызаў: паводле паведамленняў тэлеграм-канала «Розовые косынки», выпушчаным на волю палітвязням патлумачылі «ўмовы іх далейшага знаходжання на волі», забараніўшы выкарыстанне банкаўскіх і СІМ-карт, а таксама папярэдзіўшы, што любое парушэнне можа прывесці да паўторнага зняволення. Яшчэ адным папярэджаннем было тое, што ў святочныя дні іх могуць змяшчаць у СІЗА або ў ізалятары часовага ўтрымання. Стала вядома і тое, што многіх жанчын вызвалілі без пашпартоў — маўляў, згубіліся вашыя дакументы, што ж ты будзеш рабіць: цэлая бяда з гэтымі пашпартамі.

І нарэшце са свежанькага: як паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна», людзей перад накіраваннем на так званую «хімію» яшчэ на этапе апеляцыі прымушаюць падпісваць дакументы, у якіх іх папярэджваюць: у выпадку паўторнага парушэння Крымінальнага кодэкса ім можа пагражаць высылка з краіны. І гэта не адзінкавыя выпадкі.
Рэпрэсіі ў ДНК улады
Такім чынам, ні колькасна, ні якасна рэпрэсіі ў краіне не змяншаюцца, і пакуль няма ніякіх прыкмет, што яны спыняцца. Хоць прадстаўнік Трампа Джон Коўл адкрытым тэкстам заяўляў, што так справы не робяццца: «То-бок мы вызваляем 10 чалавек, а яны арыштуюць яшчэ 10? Спадзяюся, нам удалося данесці да яго, што гэта недапушчальныя паводзіны», — расказваў Коўл пра сваю апошнюю сустрэчу з Лукашэнкам.
Ну, не робяцца, дык не робяцца. Як бачна з прыведзеных прыкладаў вышэй, беларускі рэжым добра натрэніраваўся на тым, каб махляваць, гуляючы ў перамовы з амерыканцамі. Праблема адна: звесткі пра рэпрэсіі ў інфармацыйны век утойваць усё цяжэй, і праваабаронцам ўсё яшчэ ўдаецца нейкім чынам атрымліваць навіны пра асуджаных людзей. А таму, думае рэжым, шчыліны, адкуль інфармацыя прасочваецца, трэба надзейна пазатыкаць — новымі рэпрэсіямі.
Пакуль ідзе гэтая гульня з амерыканцамі, рэпрэсіі могуць трансфармавацца, набываць іншыя формы: мы ж цудоўна памятаем, як пачыналіся справы Віктара Бабарыкі, TUT.by, Андрэя Гнёта і многіх іншых — першапачаткова да ўсіх іх выстаўляліся эканамічныя прэтэнзіі. Ну а ў нюансы амерыканцы, мяркуюць беларускія ўлады, паглыбляцца не будуць.
Такім чынам, палітвязні і рэпрэсіі сталі на сённяшні дзень важным элементам знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь. Адняць яго — і на чым тады будаваць «дыялог» з Захадам? А так усё па формуле нябожчыка Макея: «Любое далейшае ўзмацненне санкцый прывядзе да таго, што грамадзянская супольнасць перастане існаваць», — казаў роўна пяць гадоў таму міністр замежных спраў. То-бок практычнае прыкладанне гэтай схемы сёння можа выглядаць так: вось вы адключылі нам тры прапагандысцкія каналы, ну то чакайце новых пасадак. А каго садзіць — знойдзецца. Вунь на волі з’явіліся сотні тых, хто нядаўна выйшаў па «памілаванні», і не кажыце, што мы іх не папярэджвалі. Вось такая «гульня».

І нарэшце, апошняе: калі гэтыя лукашэнкаўска-трампаўскія гульні скончацца, то які сэнс спыняцца? Наперадзе яшчэ перадача трона — ну не праводзіць жа яе на фоне лібералізацыі і ўсякіх там адліг, што вы як маленькія!
Праўда, не хочацца заканчваць гэты тэкст на такой ноце, таму нават у гэтай сітуацыі важна ўсвядомліваць, што кожны і кожная сёння могуць рабіць самае важнае: усімі сіламі берагчы сябе і сваіх блізкіх, займацца самаадукацыяй і адукоўваць іншых, дзяліцца адзін з адным праўдай. Бо не за гарамі той час, калі ўсім нам прыйдзецца адбудоўваць сваю краіну пасля таго, што нарабілі сёння тыя, хто называе сябе дзяржавай.
І гэта было меркаванне *Сумленных людзей.



