Таццяна Шчытцова: «Паліталогія, сацыялогія і філасофія сёння наўпрост абслугоўваюць ідэалагічныя інтарэсы рэжыму»
Размова з доктаркай філасофскіх навук, прафесаркай ЕГУ, дарадцай Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі
У размове з доктаркай філасофскіх навук, прафесаркай Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, дарадцай Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі Таццянай Шчытцовай мы закранулі тэмы ідэалагізацыі беларускай навукі, яе ізаляванасці і паразважалі над тым, чаму за 30 гадоў незалежнасці яна так і не здолела вырвацца з расійскага навуковага кантэксту.
— Ці можаце вы акрэсліць, у якім стане сёння знаходзіцца беларуская навука?
— Я б сказала, што яна ў крызісным стане. Ёсць, праўда, пэўныя накірункі, якія дзяржава імкнецца падтрымліваць, перш за ўсё, тэхнічныя, якія тым ці іншым чынам падтрымліваюць расійскі ваенна-прамысловы комплекс, то-бок працуюць на вайну. Так, на жаль, сёння шмат навукоўцаў праз сваю дзейнасць бяруць у гэтым удзел.
Крызісны стан адбываецца і праз ізаляцыю. Таму што пасля 2020-га, і асабліва пасля 2022 года, у выніку накладзеных санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі сістэма адукацыі і навукі Беларусі стала вельмі ізаляванай. Спынілася навуковае супрацоўніцтва з даследчымі інстытутамі і цэнтрамі Заходняга свету: сумесныя праекты, кааперацыя, стратэгічныя планы па кааперацыі.
Да гэтага трэба яшчэ дадаць хранічны недахоп фінансавання. Дарэчы, трэба падкрэсліць, што і да 2020-га, і да 2022 года фінансаванне беларускай навукі было вельмі-вельмі сціплае, калі казаць дыпламатычна.
Ёсць вельмі яскравы індыкатар: колькі грошай вылучае дзяржава на развіццё навукі ў працэнтах ад валавога ўнутранага прадукту. У Беларусі ён заўсёды дзесьці каля 0,5%. Лічыцца, што калі гэты ўзровень ніжэй за 1% ВУП, то ўвогуле няма сэнсу размаўляць пра нейкае развіццё.
Акрамя таго, Беларусь страчвае свой навуковы патэнцыял – прафесіяналаў. Яшчэ да 2020 года была тэндэнцыя па скарачэнні навуковых кадраў, а пасля 2020-га гэтая негатыўная дынаміка толькі пагоршылася праз рэпрэсіі і праз тое, што шмат хто не стаў чакаць, пакуль пачнуцца нейкія «візіты» [спецслужбаў або сілавікоў. – заўв. *С.Л.], і сапраўды з’ехаў.
І гэта таксама важная старонка ў гісторыі беларускай навукі. Калісьці мы высветлім, колькі навукоўцаў з’ехала. Зараз жа няма такой статыстыкі, толькі па ўскосных дадзеных можна прыкладна ацаніць, наколькі драматычная гэтая сітуацыя.
— На апошняй нарадзе з прадстаўнікамі Акадэміі навук у студзені 2025-га Лукашэнка зноў выказваў незадаволенасць вынікамі іх працы. І гэта незадаволенасць цягнецца ўжо не адзін дзясятак гадоў. Якіх вынікаў ён хоча ад навукоўцаў?
— Ён хоча ад навукі таго ж самага, чаго і ад беларускай эканомікі, адукацыі: дасягненняў, развіцця, каб было, што сабе прысвоіць і чым ганарыцца.
Дарэчы, трэба памятаць, што ён жаліцца і патрабуе не толькі ад навуковай супольнасці. Такія ж сустрэчы ён праводзіць з прадстаўнікамі прадпрыемстваў або сельскай гаспадаркі. Гэта такая зручная пазіцыя дыктатара, бо становішся ў позу і заўсёды можаш патрабаваць вынікаў - гэта не зрабілі, тое не зрабілі. Але праблема ў тым, што гэта папулісцкія метады - як некалі пра цара гаварылі, маўляў, баяры вінаватыя. У кожным дыктатарскім рэжыме, і Лукашэнка не выключэнне, вінаватыя міністры, вінаватыя кіраўнікі на месцах – карацей, усе навокал і ўсіх можна абвінавачваць, з усіх патрабаваць.
Праблема ў тым, што для таго, каб сапраўды было развіццё, трэба мяняць сістэму кіравання, без гэтага ніводная сфера не можа развівацца. І навукі гэта тычыцца ў першую чаргу. Бо для таго, каб навука развівалася, патрэбаныя пэўная аўтаномія і акадэмічныя свабоды, а гэта тое, чаго беларускай навуцы крытычна не хапае.
— Ці не склалася ў беларускай навуцы такая сітуацыя, што навукоўцы баяцца брацца за сапраўды перадавыя праекты? Бо Лукашэнка казаў, што павінна быць адказнасць за ўкладзеныя грошы – таму, магчыма, і не хочуць яны рызыкаваць, каб не быць вінаватымі дзяржаве ў выпадку няўдачы?
— Я б не сказала, што праблема ў тым, што нашы навукоўцы баяцца брацца за нейкія там перспектыўныя праекты. Мне падаецца, справа ў тым, што няма пэўных умоваў, каб нашы навукоўцы маглі развіваць перспектыўныя праекты, абапіраючыся на існуючыя напрацоўкі і існуючыя школы, ад якіх яшчэ нешта засталося.
У нас ёсць маленькія калектывы – інстытуты ва ўніверсітэтах або кафедры, дзе працуе некалькі чалавек, якія займаюцца пэўнай навуковай праблематыкай. Ёсць асобныя навукоўцы, якія маюць публікацыі добрага міжнароднага ўзроўню, ёсць ініцыятывы і ідэі, але няма магчымасці, каб гэтыя ідэі і праекты прасоўваць. Таксама ў нас не заўсёды рацыянальна размяркоўваюцца тыя вельмі сціплыя грошы, якія дзяржава ў стане вылучыць на развіццё навукі. То-бок сродкаў крытычна не хапае, а тыя, што ёсць, часта накіроўваюцца на падтрымку тых навуковых галін або праблем, якія лабіруе кіраўніцтва пэўнай інстытуцыі.
Як прыклад можна ўзяць нашу Акадэмію навук. Вялікая частка сродкаў, якія дзяржава вылучае на падтрымку, ідзе на фінансаванне аграрных навук. Таму што Уладзімір Гусакоў, які ўзначальвае Акадэмію навук, забяспечвае такое лобі менавіта гэтым кірункам. Альбо падтрымліваюцца тыя праекты, якія Гусакоў і яго атачэнне бачаць як прарыўныя, напрыклад касмічная праграма. І вось ужо дзяржава вылучае сродкі на касмічную праграму, але ж гэта немагчыма ўспрымаць усур’ёз…
Пры гэтым вельмі часта не маюць падтрымкі патэнцыйна перспектыўныя ідэі і праекты – проста праз тое, што навукай кіруюць людзі, якія самі не з’яўляюцца сапраўднымі прафесіяналамі, кампетэнтнымі ў той ці іншай навуковай сферы, якія не маюць уяўлення пра тое, як развіваецца сучасная навука, разумення глабальных трэндаў. Гэтыя людзі не ведаюць, як прасоўваць і ствараць вялікія даследчыя праекты ў супрацоўніцтве з замежнымі навукоўцамі і інстытутамі. То-бок мы зноў вяртаемся да праблемы кіраўніцтва навуковымі даследаваннямі ў Беларусі.
— Ці можна сказаць, што касмічныя праграмы з’яўляюцца хутчэй піяр-праектамі асабіста для Лукашэнкі, а не вырашаюць непасрэдна навуковыя задачы?
— Безумоўна, гэта робіцца для таго, каб можна было выступіць перад журналістамі, пакрасавацца і зрабіць выгляд, што ў нас сапраўды навука развіваецца і ёсць нейкія перспектывы.
Яшчэ варта звярнуць увагу вось на што: нават да 2020 года беларуская навука не была добра інтэгравана ў глабальную, еўрапейскую навуку, нават на рэгіянальным узроўні. Гэта можна яскрава паказаць на сітуацыі з публікацыямі ў навуковых часопісах. Мы можам прасачыць пэўную асіметрыю: навуковае супрацоўніцтва мела перакос у бок супрацоўніцтва з Расіяй. І большасць навуковых публікацый, асабліва па гуманітарных, сацыяльных навуках, маглі лічыцца ў справаздачах міжнароднымі, але пры гэтым яны выходзілі ў рускамоўных навуковых часопісах. То-бок, беларуская навука за 30 гадоў свайго існавання пасля атрымання краінай незалежнасці ўсё адно заставалася пад вельмі сур’ёзным уплывам, гравітацыяй з боку расійскага навуковага кантэксту. І зараз, пасля падзей 2020 і 2022 гадоў, санкцыйнай палітыкі ў дачыненні да Беларусі, гэтая сітуацыя стала яшчэ горшай.
Акрамя таго, калі казаць пра сённяшнюю сітуацыю, то акрамя крытычнага недахопу фінансавання назіраецца моцнае ідэалагічнае падпарадкаванне. То бок навукі кшталту паліталогіі, сацыялогіі, філасофіі наўпрост абслугоўваюць ідэалагічныя інтарэсы рэжыму – і не толькі беларускага, але і расійскага. Шчыра кажучы, мне нават цяжка ўявіць даследаванні ў сучанай сацыялогіі, палітычнай тэорыі, якія б адпавядалі нармальным міжнародным акадэмічным стандартам. Гэта проста немагчыма.
— Што трэба, каб беларуская навука ўрэшце змагла акрыяць і пачаць рабіць сапраўдныя адкрыцці?
— Перш за ўсё, я ўпэўненая, што сапраўднае рэфармаванне беларускай навукі, каб яна сапраўды магла акрыяць і развівацца, павінна адбывацца ў кантэксце дэмакратызацыі ўсіх сацыяльных інстытутаў у Беларусі – эканомікі, адукацыі і г.д.
Другі вельмі важны крок тычыцца таго, як менавіта павінна адбывацца кіраванне навукай. Неабходна забяспечыць аўтаномію навукова-даследчым інстытутам, лабараторыям, універсітэтам. Патрабуецца таксама забеспячэнне акадэмічных свабодаў. Усё гэта ўзаемазвязана.
Трэцяе – гэта інтэрнацыяналізацыя беларускай навукі. То-бок, трэба аднавіць навуковае супрацоўніцтва з вядучымі інстытутамі, даследчымі і акадэмічнымі цэнтрамі ў Заходнім свеце, у рэгіёне, у Еўропе. У нас былі пэўныя напрацоўкі ў гэтым сэнсе, і трэба іх не толькі вяртаць, але і развіваць далей. Гэта павінна быць інтэграцыя беларускай навукі ў навуку глабальную.
Вельмі важна распрацаваць комплекс рашэнняў, якія будуць матываваць маладых людзей займацца навукай: пісаць дысертацыі, удзельнічаць у навуковых стажыроўках, міжнародных канферэнцыях, публікаваць артыкулы ў аўтарытэтных навуковых часопісах. Усё гэта, безумоўна, патрабуе фінансавання.
Мне здаецца відавочным, што неабходны зусім іншы падыход да фінансавання навукі. Трэба выбудаваць пэўны прынцып фінансавання на конкурснай аснове. Патрабуецца сістэматычная грантавая падтрымка розных навуковых праектаў, і гэта мусіць тычыцца розных навуковых дысцыплін, школ.
Раз ужо зайшла размова пра маладую навуку, то трэба правесці рэформу аспірантуры. Яе варта рэфармаваць такім чынам, каб інстытут абароны дысертацый адпавядаў міжнародным стандартам дактаранцкіх праграм.
І апошняе, што я адзначу, – гэта рашэнне, якое, на мой погляд, мае вельмі істотнае значэнне для стварэння арганізацыйных умоваў для развіцця навукі. Нам трэба аб’яднаць акадэмічную навуку з навукай універсітэцкай. Трэба ствараць даследчыя інстытуты, якія дазволяць інтэграваць патэнцыял і рэсурсы Нацыянальнай акадэміі навук з патэнцыялам і рэсурсамі ўніверсітэцкай навукі.
І нарэшце, важным арганізацыйным рашэннем будзе стварэнне даследчых інстытутаў непасрэдна на вытворчасці. То-бок там, дзе навукоўцы адразу могуць узаемадзейнічаць з практычнымі запытамі з боку прамысловасці.
Гэтае інтэрв’ю з’явілася ў выніку працы *Сумленных людзей над відэа, прысвечаным беларускай навуцы. Але каштоўных думак, выказаных нашымі экспертамі, было так шмат, што мы вырашылі: будзе вялікім злачынствам не пазнаёміць вас з тым, што не ўвайшло ў кадр.
Пра тое, чаму беларускай навукай сёння кіруюць «горшыя» і што трэба зрабіць, каб вывесці яе з крызіснага стану, чытайце ў інтэрв’ю з былым супрацоўнікам Інстытуту агульнай і неарганічнай хіміі НАН Беларусі, а сёння галоўным рэдактарам LAB-66 Сяргеем Бесарабам. А ў размове з былым дырэктарам Інстытута сацыялогіі Генадзем Коршунавым мы разважаем пра тое, чаму ў беларускіх уладаў няма разумення, што такое навука і як яна павінна функцыянаваць.