ІРАНічныя выкрутасы, або Як дзед спрабуе не злаваць дзеда
Вайна Ізраіля і ЗША супраць Ірана хоць і абазначалася на гарызонце даўно, але ўсё адно стала вельмі нечаканай для Мінска. Бо выбухнула яна так недарэчна, так несвоечасова, што выбіла Аляксандра Лукашэнку з раўнавагі. І гэтаму ёсць свая прычына.
Давай, Грыша!
Калі першыя ракеты прыляцелі па Тэгеране, то Лукашэнка, які заўсёды мае меркаванне па любым пытанні, быў моцна азадачаны — ды так, што замаўчаў на некалькі дзён. І не таму, што яму не было чаго сказаць. Наадварот, відавочна, выгаварыцца карцела вельмі моцна, але сітуацыя не дазваляла, бо, як той казаў, «усё, што вы скажаце, можа быць выкарыстана супраць вас».
І таму за яго стала гаварыць прапаганда. Бо той жа Лукашэнкаў «глашатай» Грыша Азаронак вельмі добра ведае, што можа падабацца ягонаму патрону, таму і спусціў вадаспады лаянкі, каментуючы іранскія падзеі. Вуснамі Азаронка з Мінска ў першы дзень вайны прапаганда заклікала «высакароднага аяталу» весці свой народ у бой супраць рэжыму Эпштэйна і крычала «Алах акбар!». Сам жа вярхоўны лідар беларускага рэжыму зацята маўчаў.
Але неўзабаве прыйшлі весткі пра ліквідацыю «высакароднага аяталы», і гэта яшчэ больш засмуціла Аляксандра Рыгоравіча: цягам двух месяцаў сваіх кіраўнічых крэслаў пазбавіліся два ягоных сябра. Уражваў набор варыянтаў у арсенале амерыканцаў, якія непасрэдна прыклалі да гэтага руку: ад выкрадання ва ўласным палацы, як у выпадку з Мадура, да забойства ў рэзідэнцыі, як у выпадку з Хаменеі.
Грыша тонка адчуў страхі свайго шэфа. Цікавая, кажа, назіраецца тэндэнцыя: Трамп вёў перамовы з Мадура аб кампрамісе, і той нібыта быў гатовы да такога кампрамісу, а пасля ЗША выкарысталі гэтыя перамовы для падрыхтоўкі нападу і выкрадання венесуэльскага дыктатара; Трамп вёў перамовы з Тэгеранам пра кампраміс, а сам рыхтаваўся да нападу. «Як вы думаеце, — пытаўся Грыша, — навошта амерыканцы вядуць перамовы з намі?» Нам здаецца, на гэтых словах у аднаго з беларусаў прабеглі мурашы па целе.
Уражваў і сам спосаб, якім ліквідавалі аяталу. Як піша Financial Times, ізраільская выведка доўга збірала дадзеныя, каб можна было здзейсніць задуманае. Дзеля гэтага яна ўзламала ўсе камеры ў Тэгеране і некалькі гадоў перадавала дадзеныя з іх у рэжыме рэальнага часу на серверы ў Тэль-Авіве. Некалькі гадоў! Як тут не развіцца параноі ва ўладара менскага Палаца незалежнасці? Бо, значыць, для замежных выведак дэтальна вывучыць план і ягонай рэзідэнцыі — задача выканальная. Але, пагадзіцеся, яна ўсё ж значна ўскладняецца, калі гэтых рэзідэнцый 18, бо тады цяжэй вызначыць, у якой знаходзіцца гаспадар. І пасля гэтага вы яшчэ пытаецеся, навошта Лукашэнку іх столькі?
Забойца-гуманіст
Не трэба валодаць асаблівымі аналітычнымі здольнасцямі, каб зразумець, што стрымлівала Аляксандра Лукашэнку ад хуткай рэакцыі на атакі Ірана. Паралельны перамоўны трэк з ЗША вымушаў дакладна падбіраць словы і рэакцыі. Таму, нягледзячы на даўнія сяброўскія адносіны з іранскім кіраўніцтвам, Лукашэнка вырашыў не спяшацца і паглядзець, у які бок нахіляцца шалі супрацьстаяння.
Першая рэакцыя, якая з’явілася на афіцыйным сайце Лукашэнкі (фактычна не ягоныя словы, а напісаны прэс-службай тэкст), змяшчала спачуванні з нагоды смерці Алі Хаменеі, але далей словаў пра «вераломную атаку» ў характарыстыцы дзеянняў ЗША і Ізраілю там не пайшло. Вядома ж, забітаму сябру Хаменеі словамі ўжо не дапаможаш, а стасункі з Трампам можна моцна падпсаваць.
Адметна, што рэшта пасмяротнага хваласпеву іранскаму аятале была падобная на літаратурную прымерку чужога касцюма — вось бы некалі так і пра яго! «На працягу дзесяцігоддзяў, — гаворыцца ў спачуваннях пра забітага Хаменеі, — ён служыў народу, нязменна кіруючыся вернасцю традыцыям і адказнасцю перад будучымі пакаленнямі. Сваёй мудрасцю і дальнабачнасцю атрымаў высокае прызнанне і карыстаўся заслужаным аўтарытэтам далёка за межамі дзяржавы». Так-так, гэта пра таго, хто амаль чатыры дзясяткі гадоў трымаў краіну ў страху і патапіў у крыві народныя выступленні два месяцы таму, забіўшы каля 30 тысяч чалавек.
Праз чатыры дні пасля пачатку вайны, на сустрэчы з іранскім паслом Лукашэнка нарэшце выказаўся персанальна, але паўтарыў амаль тыя ж словы, назваўшы Хаменеі яшчэ і гуманістам. Так і хочацца дадаць сюды ягоную крылатую фразу «Это то, что соответствует нашему пониманию президентской республики и роли в ней президента», сказаную аднойчы ў дачыненні да яшчэ аднаго вядомага палітыка.
Не злаваць дзеда
Пакуль перамовы са Злучанымі Штатамі знаходзяцца ў актыўнай фазе, Лукашэнка не будзе дражніць гусей і рабіць рэзкіх заяваў з нагоды Ірана (на скрайні выпадак ёсць Азаронак). Не прадбачыцца найбліжэйшым часам і ніякага партнёрства з іранскімі ўладамі, бо пакуль толкам невядома, што там будуць за ўлады. Таму на дадзеным этапе Лукашэнка вырашыў зрабіць стаўку на амерыканскі трэк.
Бо жартаваць з вялікімі гульцамі — кепская ідэя, на кейсах Мадура і Хаменеі ён у гэтым пераканаўся. Больш за тое, гэтыя кейсы даюць яшчэ і вельмі дрэнныя прыклады ягонаму атачэнню.
Кейс з Мадура выразна ілюструе, што пасля таго, як прыбралі «галоўнакамандуючага», астатняя сістэма цалкам сабе можа заставацца той жа самай і нават працаваць далей, нібыта нічога і не адбылося. І гэта ў той час, як у 2020-м Лукашэнка расказваў сваім чыноўнікам, што без яго ўсіх іх ледзь не павешаюць на дрэвах.
Кейс з Хаменеі паказвае адваротнае: калі не здаць свайго шэфа, то менавіта ў гэтым выпадку ўсіх іх чакае немінучая смерць, што эфектыўна дэманструюць ізраільскія і амерыканскія ўдары.
У гэтым і заключаецца ўся іранічнасць сітуацыі.
Але віншаванні сыну аяталы Маджтабу Хаменеі з абраннем на найвышэйшы пост Ірана Лукашэнка ўсё ж адаслаў — на перспектыву, бо пагрэць рукі на адбудове разбураных падчас вайны аб’ектаў у Іране вельмі хацелася б.







