У чым галоўная ідэя новай дзяржаўнай ідэалогіі?
Што ж, віншуем, спадарства, — у Беларусі з’явілася ідэалогія. Доўгія гады Аляксандр Лукашэнка наракаў на тое, што яе няма, і вось нарэшце...
Час падпёр
9 красавіка ён выдаў дырэктыву пад нумарам 12 «Аб рэалізацыі асноў ідэалогіі беларускай дзяржавы», у якой на трох старонках выкладзены сам «сімвал веры», а яшчэ на пяці — шляхі рэалізацыі гэтай ідэалогіі.
Вядома ж, гэта не першы прыняты дакумент, які вызначае ідэалагічныя напрамкі працы ў дзяржаве. Былі такія і раней (адзін з асноўных быў прыняты яшчэ ў 2003 годзе). Былі і спецыяльна навучаныя ідэолагі, якія інтэграваліся ва ўсе дзяржаўныя ўстановы, былі ідэалагічныя мерапрыемствы — і ўсё гэта, вядома ж, аплачвалася з дзяржаўнага бюджэту.
Аднак у 2020 годзе гэта штучнае нагрувашчванне структур, людзей і слаба абгрунтаваных ідэй абрынулася. Яно папросту не вытрывала пад магутным напорам беларусаў і беларусак, якія выйшлі на вуліцы, жадаючы «людзьмі звацца». (Вось дзе ўжо ідэя, якая перажыла некалькі пакаленняў і зноў была падхопленая падчас пратэстаў.)
У выніку ўсе мы сталі сведкамі некалькіх важных працэсаў:
уся тая ідэалогія, якую Аляксандр Лукашэнка і ягоныя чыноўнікі выбудоўвалі цягам 30 гадоў, аказалася недзеяздольнай;
ідэя нацыянальнага ўздыму і пабудовы нацыянальнай дзяржавы на дэмакратычных прынцыпах, якая зноў голасна заявіла пра сябе ў 2020-м, была задушаная і загнаная «пад плінтус»;
вызваленае месца хуценька стала займаць ідэалогія «рускага свету», якая відавочна нясе пагрозу існавання самому Аляксандру Лукашэнку, бо ў ёй папросту няма месца незалежнай Беларусі з самастойным кіраўніком на чале.
А таму не дзіва, што Аляксандр Лукашэнка заспяшаўся. Бо яшчэ ў 2022-м, размаўляючы з адыёзным «рускаміраўцам» Аляксандрам Дугіным, ён наракаў: ніяк, маўляў, не можам нарадзіць ідэалогію, і сам, бачыш ты, спрабую, але нешта не ідзе — «немагчыма сфармуляваць яе, пакуль цябе не падапрэ час». То, выходзіць, час падпёр?
З чаго злепленая ідэалогія?
Слова «злеплена» ўжыта нездарма: дакумент і праўда трохі нагадвае Франкенштэйна, часткі якога ўзятыя з розных і часта нават не зусім сумяшчальных канцэптаў.
То давайце па пунктах, топ-10 цікавостак:
Галоўнае — аўтары дакумента нібыта зноў даказваюць права Беларусі на самастойнае існаванне, быццам бы спрабуючы нешта адкруціць назад і прагнаць вялікага мядзведзя, які ўжо працяглы час пасвіцца на ейнай тэрыторыі, актыўна пачаўшы яе меціць.
Таму і даводзіцца падкрэсліваць, што «дзяржаўны суверэнітэт — залог росквіту беларускага народа і тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржавы», і ніякіх вам мантраў пра «стратэгічныя саюзніцкія стасункі з Расійскай Федэрацыяй», якімі, напрыклад, прасякнутая Канцэпцыя нацбяспекі РБ, што выйшла год таму.
Наогул пра Расію: яна згадваецца ў дакуменце толькі аднойчы. Прычым як! У адным шэрагу з Вялікім княствам Літоўскім і Рэччу Паспалітай усяго як адна з «гістарычных формаў беларускай дзяржаўнасці». Упс!
Ядром фармавання беларускай дзяржаўнасці аўтары канцэпцыі называюць Полацкае і Тураўскае княствы. Як гэтым разам удалося абысціся без вылучэння Кіеўскай Русі як «калыскі братэрскіх народаў» — нават не прыходзіць у галаву.
Ёсць у дакуменце і нешта новенькае — «усходнеславянскі свет» (відавочна, створаны ў процівагу «рускаму свету»), на якім базуецца «культурна-гістарычны кампанент» беларускай дзяржавы. У гэтым канцэпце, гаворыцца ў дакуменце, беларусаў разам з рускімі і ўкраінцамі лучыць «цывілізацыйная роднасць». І ніякага братэрства. Такога паняцця ў дакуменце няма ўвогуле. То-бок у выступах ідэолагаў — ёсць, у гімне — ёсць, а ў ідэалогіі — няма.
Вядома, у невялікім «гістарычным экскурсе» не абышлося без Кастрычніцкай рэвалюцыі, якая дала «пачатак станаўленню беларускай дзяржаўнасці» і прывяла да стварэння БССР, але традыцыйна «абышлося» без БНР — не было такога ў гісторыі Беларусі, паводле аўтараў дакумента, і ўсё тут.
І завяршаюцца гістарычныя пошукі квінтэсэнцыяй: «Рэальны суверэнітэт і незалежнасць беларускай дзяржавы былі дасягнутыя ў перыяд пасля ўсталявання прэзідэнцкай формы праўлення».
Вось вам і ключ да разгадкі, чаму ў падручніках, дапаможніках, фотаальбомах летазлічэнне незалежнасці пачынаецца ад прыходузбаўцыЛукашэнкі, а не з уваходжання ў законную сілу ў 1991 годзе Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце.Пасля чытаем нешта з «фантастыкі» пра ўласную мадэль грамадскага развіцця, «якая стала практычным увасабленнем ідэалогіі беларускай дзяржавы». А там — пра «суверэнны характар унутранай і знешняй палітыкі» (тут можна ўспомніць усе падпісаныя дарожныя карты па інтэграцыі з Расіяй, а таксама настойлівасць, з якой Беларусь падтрымлівае ў ААН усе прапазіцыі РФ), пра «міжканфесіянальную і міжнацыянальную згоду» (тут успамінаем зняволеных пратэстанцкіх пастараў, каталіцкіх ксяндзоў, зруйнаваныя помнікі загінулым польскім салдатам), пра «нізкі ўзровень карупцыі» (тут можна згадаць, якія пасады займаюць члены сям’і Лукашэнкі і якімі прадпрыемствамі яны валодаюць), а таксама пра «нацыянальна арыентаваны дзяржаўна-кіраўніцкі апарат» (а тут, наадварот, не прыпамінаецца нічога).
Знайшоў тут адлюстраванне і канцэпт Беларусі як крэпасці ў аблозе: бачым мы і «сутыкненне з пагрозамі знешняй агрэсіі», і інфармацыйныя войны, і барацьбу ідэй і сэнсаў, а выратаванне тут якраз у трывалай ідэйнай аснове і глыбокім разуменні грамадзянамі асаблівасцяў беларускай мадэлі грамадскага развіцця.
Не абышлося ў дакуменце без модных сёння «традыцыйных духоўных і сямейных каштоўнасцяў» — беларускія распрацоўшчыкі тонка адчулі неабходнасць упісаць у свой твор гэты павеў часу, відавочна падхоплены з усходу. Праўда, гэта хіба адзін з нешматлікіх рэверансаў у бок усходніх саюзнікаў.
А ў астатнім, як ні круці, а ўсё адно вока чапляецца за фармулёўкі, больш падобныя на апраўданні: «Беларусь адданая агульнапрызнаным прынцыпам міжнароднага права, найперш суверэннай роўнасці дзяржаў, непарушнасці меж, мірнага ўрэгулявання спрэчак, неўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы іншых краін»… Нібыта і не было вось гэтага «и если бы за шесть часов до операции не был нанесен превентивный удар по позициям…» у 2022 годзе і праходу расійскіх войск праз Беларусь ва Украіну.
Што з гэтага ўсяго вынікае? А хіба тое, што з дапамогай сваёй новай «ідэалогіі» Лукашэнка зноў спрабуе стаць у сваю любімую позу а-ля Ван Дам — паміж двух грузавікоў, адзін з якіх еўрапейскай, а другі расійскай зборкі. Але асцярожней, Аляксандр Рыгоравіч, гэтыя грузавікі едуць у абсалютна розныя бакі.