Каб нас не перапісалі: каму дастанецца 2020 год
Беларускі рэжым актыўна ўзяўся за тое, каб перапісваць гісторыю 2020 года пад сябе. І калі не паспяшацца, нашы дзеці і ўнукі будуць вывучаць у школах, як у гэты перыяд іхныя бацькі ды бабулі з дзядулямі «расшатвалі» краіну, імкнучыся «здаць» яе замежным дзяржавам. Больш за тое — ужо вывучаюць... Дык чыя гісторыя застанецца?
Нам яшчэ пашчасціла...
Трэба прызнаць, што беларускаму пратэсту ў медыйным плане сапраўды пашанцавала: з лета 2020 года нам удавалася доўгі час утрымліваць увагу сусветнай супольнасці. Гісторыі беларускага змагання ўразілі свет, і дзякуючы гэтаму дзверы многіх краін для тых, хто змагаецца супраць дыктатуры, дасюль застаюцца адчыненымі.
Аднак з пачаткам вайны ва Украіне сусветная ўвага непазбежна пераключылася на новую трагедыю, а рэжым Лукашэнкі сваім саўдзелам у расійскай агрэсіі істотна змяніў стаўленне да Беларусі.
У сваю чаргу ўспаміны 2020 года дапамаглі беларускаму грамадству ў вачах цывілізаванага свету не замазацца ў брудзе тых жудасцяў, што чыніць сёння Расея ва Украіне, бо разуменне «Беларусь не Лукашэнка», якое мы старанна ўкладалі ім у галовы са жніўня 2020-га, усё ж засталося.
Але і тут не варта сябе падманваць: доўга так працягвацца не будзе. Свет бяжыць наперад: старым палітыкам на змену прыходзяць новыя (так, у іншых краінах гэта звычайная з’ява), і не ўсе яны сачылі за падзеямі пяцігадовай даўніны.
Іх гісторыя
2020 год, хочам мы таго ці не, крыху сціраецца ў памяці: многія кажуць наўпрост, што стаміліся ад яго — маўляў, нельга «ехаць на падзеях 2020-га бясконца». Сапраўды, было б не вельмі дальнабачна выбудоўваць як палітычную, так і грамадскую дзейнасць, грунтуючыся толькі на тым перыядзе — пагатоў слаўных старонак гісторыі ў нас хапае. Але пры гэтым кожную старонку варта належным чынам пераасэнсаваць, і нават добра яе прапісаць, распрацаваць у дэталях.
Гэта, дарэчы, добра ўсведамляе беларускі рэжым. Пяць гадоў з усіх тэлеэкранаў на галовы простых людзей ліюцца тоны прапагандыскіх наратываў пра «наркаманаў і прастытутак» ды «кучку адшчапенцаў», якія ўзбаламуцілі краіну. Уся «ідэалогія», якую так доўга распрацоўвалі лукашэнкаўскія мысляры, у выніку зводзіцца да «мы не далі разарваць краіну», бо па сутнасці ў той ідэалогіі ім сказаць больш няма чаго. Ва ўмовах, калі шляхі да альтэрнатыўнай інфармацыі моцна адрэзаныя, людзям вельмі цяжка зарыентавацца: можа, і праўда, пачынаюць думаць яны, маці з дзіцём, якія падчас мітынгу ў 2020-м неслі чырвона-белыя шарыкі ў руках, хацелі разарваць голымі рукамі і краіну, і Лукашэнку з арміяй сілавікоў, і ўсю нашу светлую будучыню?
І ўлады робяць сваю справу метадычна, на ўсіх узроўнях. Можна колькі заўгодна плявацца ад падручнікаў па гісторыі, якія яны напісалі, але факт застаецца фактам: у гэтых падручніках яны ўжо пішуць «сваю» гісторыю.
Так, 11-класнікі прачытаюць у курсе «Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі», што «выбарчая кампанія праходзіла ва ўмовах неаднаразовых спробаў шэрагу замежных дзяржаў і недзяржаўных арганізацый умяшацца ў хаду выбараў і паўплываць на іх вынікі. У краіне адпрацоўвалася адна з формаў “каляровых рэвалюцый”».
Мэтай сутыкненняў з міліцыяй, мітынгаў і шэсцяў, кажуць аўтары гэтага падручніка, «была спроба стварыць альтэрнатыўныя, то-бок незаконныя і пазаканстытуцыйныя, органы ўлады, каб ад іх імя звярнуцца па дапамогу да ЗША і ЕС для правядзення новых выбараў або прамога ваеннага ўмяшальніцтва». І ўсяму гэтаму даецца выразнае азначэнне самога Лукашэнкі: ён ацаніў падзеі жніўня 2020 года «як спробу мяцяжу з мэтай захопу канстытуцыйнай улады».
Выходзіць, у новых падручніках вашы дзеці будуць вучыць, што вы ў 2020-м, выходзячы за справядлівыя выбары, за адстойванне свайго права на дэмакратычныя перамены ў краіне, насамрэч арганізоўвалі ледзь не ваенную інтэрвенцыю іншых дзяржаў у нашу краіну. Калі вашы дзеці вучацца зараз у школе, пагатоў у старэйшых класах, самы час паразмаўляць з імі, пацікавіцца, што яны пра гэта думаюць. Бо раптам акажацца, што вы нешта прапусцілі?
Балады пра дыктатараў
Але не падручнікамі адзінымі. Стараюцца і спецыялісты іншых профіляў. Можна толькі падзівіцца, як прэс-сакратарка Лукашэнкі Наталля Эйсмант стварае свайму босу вобраз гэткага плюшавага дзеда ў шапцы-хінкалі, недарэчныя цытаты якога вартыя таго, каб быць надрукаванымі на майках ды майтках. Уся гэтая плюшавасць хавае адну галоўную тэзу: «дыктатура — гэта нармальнасць», адсюль і гэтыя балады пра дыктатара, і сказаныя з яхіднай усмешкай фразы кшталту «дыктатура — наш брэнд». Разам з гэтай «нармальнасцю» ў галовы ўкладаецца нармалізацыя рэпрэсій, бяспраўнага становішча простых беларусаў і поўная залежнасць ад волі аднаго чалавека.
Ёсць спробы асэнсавання падзей 2020-га і ў мастацтве. Вунь «малявальшчыца» Святлана Жыгімонт, як назвала яе адно выданне, дабралася да Дзяржаўнага мастацкага музея з выставай сваіх карцін. Гэта тая самая, што малявала Лукашэнку з аўтаматам, які адпачывае пад дрэвам, або зрабіла вобраз прадстаўнікоў дэмакратычнага руху ў выглядзе акультыстаў, якія выклікаюць дух каляровых рэвалюцый. Каб зразумець, якому разумнаму, добраму і вечнаму яна збіраецца навучыць сваім мастацтвам, варта згадаць, што ладную долю яе творчасці складаюць партрэты расійскіх Z-байцоў, якія забіваюць украінцаў на вайне.
Ёсць спробы адлюстравання працэсаў 2020-га і ў кіно... Застаецца толькі перахрысціцца і падзякаваць, што з мастакамі ды кіношнікамі, гатовымі «асэнсоўваць» гэтую тэму паводле праўладных лякалаў, у дзяржаве пакуль кепска: як бы яны ні стараліся, усе іхныя творы ператвараюцца ў чарговую агітку. Але хто ведае... часам, напэўна, працуюць і агіткі – таму не выключана, што з’явяцца і фільмы пра тое, як пажылыя бабулі і дзядулі, што выходзілі на маршы пенсіянераў, аказаліся крыважэрнымі монстрамі, што хацелі разарваць краіну.
Чаму варта спяшацца
З 2020-га мінула ўжо больш за пяць гадоў. Ужо ўсім відавочна, што час агульнага ўздыму, справакаваны пратэстамі, сышоў, многія адышлі ад палітыкі і замкнуліся ў будзённасці — хто ў эміграцыі, хто ўнутры краіны. Гэта з’ява звычайная і натуральная. Толькі трэба разумець, што разам з уздымам сыходзіць на задворкі памяці і тое, чым мы тады жылі. Таму сёння асабліва важна працягваць фіксаваць усё, што з намі адбывалася. І гэта фактычна зварот да ўсіх нас.
Зварот да гісторыкаў, бо ўсе разрозненыя звесткі варта было б сабраць у адно цэлае: напэўна, ужо прыйшла пара, каб з’явілася добрая манаграфія, прысвечаная таму перыяду. Бо іначай яе напішуць тыя, хто «выстаяў», а што гэта будзе за гісторыя, мы добра разумеем — варта зазірнуць у іхныя падручнікі.
Гэта зварот да людзей культуры: у літаратуры, у музыцы, у мастацтве ўсё яшчэ важна працягваць шукаць месца тым падзеям — прычым паказваць іх ва ўсёй складанасці, нават з непрыемнымі пытаннямі. Але іх трэба задаваць і самім жа спрабаваць даць адказ, іначай гэтыя адказы дадуць тыя, хто штодня расказвае пра надоі ў тэлевізары.
І гэта зварот да тых, што думаюць, што ад іх нібыта нічога не залежыць: паразмаўляйце з дзецьмі, бо цалкам магчыма, з такімі падручнікамі і фільмамі, на якія іх водзяць прымусова ад школы, яны маюць ужо зусім іншае ўяўленне пра тыя часы. Паразмаўляйце з бацькамі, сябрамі — пераконвайце іх у тым, што жыць у дыктатуры з плюшавым дзедам на чале — гэта не нармальнасць, бо нават плюшавая дыктатура ламае жыцці мільёнам людзей, а калі дакладней — то ўсім беларусам і беларускам, якія заслугоўваюць нашмат лепшага. І ў 2020 годзе ўсе мы гэта паказалі.
Дзяліцеся сваімі думкамі, спрачайцеся з намі і выказвайце свае меркаванні — яны для нас вельмі каштоўныя. А калі хочаце пачуць меркаванне *Сумленных людзей аб тэмах, якія хвалююць вас асабліва, —напішыце пра гэта ў каментарах — і мы абмяркуем іх у нашых наступных матэрыялах.







Дзякуй за кантэкст унутры Беларусі!