Неперагорнутая старонка: чаму не адпускае 2020-ы?
З 2020-га прайшло ўжо пяць гадоў, а размовы вакол таго, ці трэба перагортваць старонку тых падзей, не сціхаюць. Адны кажуць пра тое, што нельга жыць падзеямі пяцігадовай даўніны, другія — што нельга забываць урокаў 2020-га. А трэція ў ім дасюль жывуць.
«Будет очень интересно»
Трэба сказаць, вобраз старонкі, якая то перагортваецца, то не перагортваецца, стаў за гэтыя пяць гадоў ужо даволі зашмальцаваным. І першым ужыў яго менавіта Лукашэнка. Восенню 2020-га ў размове з прапагандысткай Маргарытай Сіманьян ён прапанаваў перагарнуць старонку ў адказ на пытанне, чаму падчас разгону пратэстаў дасталося таксама і журналістам расійскага прапагандысцкага канала RT. «Давайце перагорнем», — пагадзілася ўрэшце Сіманьян. І ўсе чамусьці зразумелі, нібыта гэта датычыцца агулам усіх падзей 2020-га, а не канкрэтнага эпізоду з «жэсцю» ў дачыненні да расійскіх прапагандыстаў.
Але факты паказваюць, што для «народца», «пацукоў» (так, здаецца, ён назваў людзей, што сабраліся перад ягоным палацам 23 жніўня 2020-га?) Лукашэнка гэтую старонку перагортваць і не збіраўся.
Бо для яго, падобна, усё толькі пачыналася. Памятаеце: «Дойдём до каждого», «Будет очень интересно»? З паранаідальнай паслядоўнасцю ён трымаецца гэтага плана. І выглядае, што яму гэта сапраўды цікава, дастаўляе садысцкую асалоду: вяршыць лёсы мільёнаў, дэманстраваць сваю ўладу, караць непакорных і — любімае — мілаваць тых, хто прыпоўз на каленях.
Трэба было толькі заручыцца падтрымкай — уласных сілавікоў і Крамля. Ну а далей усё вымяралася тым, колькі лёсаў ён гатовы быў паламаць дзеля таго, каб застацца ва ўладзе і пасля адпомсціць кожнаму за свой першапачатковы страх.
Так што гэта для Лукашэнкі сюжэт цікавай гісторыі, якая яго па-сапраўднаму зацягнула, і на гэтай самай старонцы імёны ўсіх удзельнікаў — як жа яе перагарнуць?
Таму не варта сябе падманваць: Лукашэнка гэтага рабіць не будзе, а ўся дзяржаўная машына мусіць падпарадкоўвацца ягоным страхам, ягонай параноі. Вось і вывучаюць у лукашэнкаўскай сістэме гэтую старонку, што выліваецца ў канкрэтныя дзеянні: жорсткія законы, затрыманні, суды, нагнятанне страху ў грамадстве. З пункту гледжання ўтрымання сваёй улады Лукашэнка робіць усё гэтак жа, як рабілі да яго сотні іншых дыктатараў.
І можна колькі заўгодна смяяцца з таго, які Лукашэнка «гісторык». Але выглядае, што біяграфіі дыктатараў і аўтакратаў падчас навучання на гістфаку Магілёўскага педагагічнага інстытута ён вывучаў дасканала.
Вось так і жыве зараз цэлая краіна, кіруючыся псіхічнай траўмай аднаго чалавека, а ён падчас кожнай буйной нарады паўтарае: калі б «мы» ў 2020-м не выстаялі… — і далей у залежнасці ад кантэксту падстаўляе страшылкі то пра вайну, то пра неўраджай, то пра малыя надоі.
А што другі бок?
Ці гатовыя перагарнуць старонку тыя, хто ў 2020-м выступаў за перамены, за справядлівыя выбары? Пагадзіцеся, тут ужо чуецца шматгалоссе — што ў прынцыпе норма для дэмакратычнага грамадства, якое мы хочам пабудаваць. Праўда, бывае так, што ў шматгалоссі часта могуць патанаць сапраўды цікавыя думкі, асабліва выказаныя нясмела.
Тым не менш, перш чым перагортваць, хацелася б задаць некалькі пытанняў, якія, магчыма, пакажуць нам, наколькі мы гатовыя да таго, каб жыць у новым раздзеле нашай гісторыі:
— Ці дастаткова мы вывучылі ўсё тое, што занатавана на старонцы 2020-га? Ці добра мы ўчытваемся ў тое, што напісана не толькі прамым тэкстам, але і паміж радкоў? І ці правільныя высновы робім з прачытанага?
— Ці асэнсавалі мы, што калі не ўлічваць вопыт ранейшых гадоў, то параз на шляху да перамогі і перамен будзе нашмат больш?
— Ці ўлічылі мы на будучыню, што мала даказаць факт фальсіфікацыі выбараў, каб дыктатар сышоў? Ці зразумелі мы нарэшце, што 2020 год не быў выключэннем з правілаў, а стаў жудасным працягам вопыту 1996, 2006, 2010 гадоў, калі рэпрэсіі супраць тых, хто бараніў праўду, выходзілі на новы ўзровень жорсткасці?
— Ці добра мы зразумелі, што, нават калі мільёнам выйсці на вуліцы і паказаць, што нас шмат, — гэта не спужае рэжым і ён не «падзе», не скажа «акей-акей, вы перамаглі»? З чаго б гэта, калі ў ягоных руках прапаганда, якая можа з мільёнаў паказаць «кучку адшчапенцаў» і «экстрэмістаў». Калі ў ягоных руках сілавікі, якія палююць на кожнага ўдзельніка, — і няхай нават самі афігеваюць ад колькасці пратэстоўцаў, але ўсё адно працягваюць паляванне — бо так працуе сістэма.
— Ці добра мы зразумелі, што нават дробныя саступкі сваёй свабоды на пачатковым этапе пазней ператвараюцца ў татальную кабалу? Год за годам Лукашэнка паціхеньку забіраў у нас права поўнасцю распараджацца сваімі лёсамі і лёсам нашай краіны — і ў выніку мы сталі амаль бяспраўнымі, а краіна – блізкай да таго, каб страціць сваю незалежнасць.
— І нарэшце, ці зразумелі мы, што на шляху да сапраўднай незалежнасці нам мала перамагчы толькі Лукашэнку і ягоную сістэму? Бо пасля гэтага, як у кампутарнай гульні, мы немінуча сутыкнемся з босам – расійскім імперыялізмам, які ўсе гэтыя гады падтрымліваў сістэму Лукашэнкі. І галоўнае, ці спыніць нас гэта на шляху да таго, каб сваю незалежнасць адстойваць?
Прыгледзьцеся: адказы на гэтыя пытанні прапісаны на старонцы 2020-га, пытанне толькі ў тым, наколькі мы гатовыя гэтыя адказы для сябе прыняць.
А пакуль галоўнае — памятаць, што на гэтай жа старонцы таксама запісаны наш бясцэнны вопыт, які ўсё яшчэ трэба вывучаць, сістэматызаваць, каб пасля канвертаваць у дзеянні.
Наш вопыт — гэта тое, што беларусы ў патрэбную гадзіну могуць аб'яднацца так, што пазайздросціць цэлы свет. І гэта нягледзячы на тое, што цягам трох дзесяцігоддзяў нас атамізавалі ўсімі магчымымі спосабамі.
Наш вопыт — гэта тое, што мы, беларусы, не бездапаможная маса, якая жыве ў патэрналісцкай парадыгме, марачы пра «па пяцьсот», а цалкам сфармаванае грамадства, гатовае браць адказнасць на сябе ў патрэбныя моманты, — і гэтую адказнасць трэба не «перагортваць», а ўзрошчваць.
Наш вопыт — гэта ўсё, што зроблена ў галіне нацыянальнай культуры, гісторыі, мовы, і гэта — наш падмурак, наш код, які ўключаецца, як толькі для гэтага ствараюцца неабходныя ўмовы. А значыць, задача тых, хто зараз можа ствараць беларускую культуру, захоўваць гісторыю і мову — будзь то за межамі Беларусі ці ва ўмовах неверагоднага ціску ўнутры краіны — працягваць рабіць гэта, прычым упарта і мэтанакіравана... «каб не ўмёрлі».
І самае галоўнае: на старонцы 2020-га выразна акрэслена, што гэта быў толькі пачатак нашага доўгага шляху ў найноўшай гісторыі, ад якога і трэба пісаць сваю будучыню, а не пачынаць кожны раз усё з чыстага ліста. Таму пакуль варта трымаць гэтую старонку адкрытай.